Рэгіён
Галоўная / Рэгіён / Раёны / Шчучынскі раён

Шчучынскі раён

Афiцыйны сайт Шчучынскага раеннага выканаўчага камiтэта

Шчучынскі раён утвораны 15 студзеня 1940 года ў складзе Баранавіцкай вобласці. З 20 верасня 1944 года перападначалены Гродзенскай.
Раён размешчаны ў паўночна-заходняй частцы Гродзенскай вобласці, на захадзе Усходне-Еўрапейскай раўніны. Большая частка тэрыторыі раёна знаходзіцца ў межах Лідскай раўніны, паўднёвая ўскраіна – у межах Верхненёманскай нізіны. Найвышэйшы пункт тэрыторыі раёна 196 м над узроўнем мора (каля вёскі Вялікае Мажэйкава), найбольш нізкая адзнака – 109 м (зрэз Нёмана) на поўдні раёна.
Агульная плошча складае 1,9 тыс. квадратных кіламетраў ці 7,6% плошчы Гродзенскай вобласці.
Пад лесам знаходзіцца 32% тэрыторыі раёна (пераважна ў паўночна-заходняй частцы), пад сельскагаспадарчымі ўгоддзямі – 53,8%.
Раён мяжуе на поўначы з Рэспублікай Літва, на захадзе з Гродзенскім, на ўсходзе і поўдні з Воранаўскім, Лідскім, Дзятлаўскім і Мастоўскім раёнамі Гродзенскай вобласці. Карысныя выкапні: торф, пяшчана-жвіровы матэрыял, мел, будаўнічыя пяскі, цагляная сыравіна, сапрапелі, гліна.
Адміністрацыйны цэнтр раёна – горад Шчучын. Першае згадванне пра яго зафіксавана ў Літоўскай метрыцы пад 1537 годам. Статус гарадскога пасёлка Шчучын атрымаў у кастрычніку 1940 года, горада – у 1962 годзе. У складзе раёна таксама налічваецца два пасёлкі гарадскога тыпу – Жалудок і Астрына, 13 сельсаветаў, 435 сельскіх населеных пунктаў.
Да ліку буйных прамысловых прадпрыемстваў раёна адносяцца адкрытыя акцыянерныя таварыствы “Шчучынскі завод ”Аўтапровад” і “Шчучынскі масласырзавод”. Асноўны вытворчы накірунак сельскагаспадарчай галіны раёна – мясамалочны, з вырошчваннем збожжавых, бульбы і цукровых буракоў. Будаўніцтва і рамонтна-аднаўленчыя работы вядуць 4 суб'екта гаспадарання, у тым ліку дзве міжгаспадарчыя перасоўныя механізаваныя калоны №№ 166 і 167. Гандлёвая сетка раёна налічвае звыш 200 магазінаў. Арганізацыю грамадскага харчавання на тэрыторыі раёна ажыццяўляюць больш за 60 аб'ектаў.Транспартныя паслугі аказваюць аўтамабільны парк №12, аўтакалона № 9 аблспажыўсаюза і 2 чыгуначныя станцыі. Сувязь у раёне забяспечваюць вузлы паштовай і электрычнай сувязі з аддзяленнямі.
У раёне функцыянуюць цэнтральная раённая бальніца і сетка ўстаноў аховы здароўя.
Адукацыйная прастора раёна прадстаўлена сеткай устаноў дашкольнай адукацыі, базавых і сярэдніх школ,дзяржаўнай гімназіяй горада Шчучына, пазашкольнымі ўстановамі, дзяржаўным сельскагаспадарчым прафесійным ліцэям. В раёне працуе сетка бібліятэк, клубных установаў, раённы метадычны цэнтр народнай творчасці,  дзіцячыя музычныя школы.
Канфесійныя адносіны на Шчучыншчыне характарызуюцца сваёй стабільнасцю, канструктыўнасцю і верацерпнасцю. У раёне 35 рэлігійных абшчын, з якіх 15 рэлігійных абшчын рымска-каталіцкай канфесіі, 15 рэлігійных абшчын праваслаўнай канфесіі, мусульманская рэлігійная абшчына, рэлігійная абшчына царквы Евангельскіх Хрысціян Баптыстаў, рэлігійная абшчына царквы Хрысціян Веры Евангельскай, рэлігійная абшчына Новаапостальскай царквы.
На тэрыторыі сучаснага Шчучынскага раёна нарадзіліся: генерал Парыжскай Камуны Валерый Урублеўскі, мастакі Казімір Альхімовіч і Пінхус Крэмень, вядомая беларуская паэтка Алаіза Пашкевіч (Цётка), арнітолагі Канстанцін Тызенгаўз і Тадэвуш Іваноўскі, паэт-філамат Ануфрый Петрашкевіч, дзеяч беларускага нацыянальнага адраджэння Вацлаў Іваноўскі, педагог і мемуарыст Фелікс Стацкевіч, актрыса і тэатральны педагог Вольга Александроўская (Галіна), польскі спявак і музыкант Чэслаў Немен.
Далёка за межамі раёна вядомы імёны ўслаўленых выпускнікоў і выкладчыкаў Шчучынскай школы піяраў Мацея Догеля, Казіміра Нарбута, Станіслава Юндзіла, Анёла Доўгірда, рэктара універсітэта ў Сант'яга, народнага героя Чылі Ігната Дамейкі.
1800 жыхароў раёна загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны на франтах і ў партызанскіх атрадах, каля 7 тысяч расстраляны і закатаваны на часова акупаванай тэрыторыі. У памяць пра загінулых узведзена 55 помнікаў і абеліскаў, адкрыта 2 мемарыяльных комплекса.