Рэгіён
Галоўная / Рэгіён / Раёны / Астравецкі раён

Астравецкі раён

Афiцыйны сайт Астравецкага раённага выканаўчага камiтэта

Гісторыя Астраўца і раёна багатая падзеямі, якія бяруць пачатак у глыбіні стагоддзяў. У пісьмовых крыніцах Астравец згадваецца ў 1468 годзе, калі кіеўскі ваявода Марцін Гаштольд заснаваў тут касцёл і дамініканскі манастыр. Пасля смерці Гаштольда ў 1542 годзе Астравец перайшоў да караля Жыгімонта І, які перадаў яго сыну Жыгімонту Аўгусту. Апошні падараваў Астравец у 1546 г. Ераніму Карыцкаму. У 1618 г. уладальнікам быў Ян Корсак, а ў 19 ст. - Кастравіцкія, Сыцянкі, Жылінскія. Выхадцам з роду Жылінскіх быў меліяратар Палесся ў 19 ст. Іосіф Жылінскі, з роду Кастравіцкіх - французскі паэт Гіём Апалінэр, беларускі празаік Карусь Каганец. У Астраўцы два касцёлы: Казьмы і Дзям'яна (1787), Ушэсця Святога Крыжа (1911). Назва пасёлка Астравец мае славянскае паходжанне і паходзіць ад умацаванага вострава на правым беразе ракі Лоша, якая працякае праз увесь г.п. Астравец. Раён самы паўночны з рэгіёнаў Гродзенскай вобласці і па плошчы - чацвёрты на Гродзеншчыне. Агульная плошча Астравеччыны - 1569 кв.км.

На тэрыторыі раёна знаходзіцца некалькі старажытных паселішчаў. Вёска Варняны ўпершыню згадваецца ў 1391 г. як уладанне вялікага князя літоўскага Ягайлы. У 15 ст. Варняны былі ўладаннямі Сангайлаў, а ў першай палавіне 16 ст. - Пронскіх, Чыжоў, Свірскіх, з 1581 г. - Абрамовічаў. Сёння ў вёсцы Варняны захаваліся помнікі архітэктуры 18 ст.: Георгіеўскі касцёл, дом ксяндза, дом аптэкара, жылыя дамы.

Вёска Быстрыца - адно са старажытных паселішчаў на Астравеччыне. У хроніках Стрыйкоўскага і Каяловіча сцвярджаецца, што ў вёсцы Быстрыца знаходзілася першая сталіца ВКЛ. Па прывілеі Жыгімонта І у 1542 г. тут была мытная кантора. Захаваўся касцёл Ушэсця Святога Крыжа (1760).

Раён прыгранічны. На захадзе і поўначы мяжуе з Літоўскай Рэспублікай (пагранпераходы "Катлоўка", "Лоша"), чыгуначная станцыя Гудагай. На паўночным усходзе мяжуе з Пастаўскім раёнам Віцебскай вобласці, Мядзельскім раёнам Мінскай вобласці, на поўдні - са Смаргонскім і Ашмянскім раёнамі Гродзенскай вобласці.

Раён утвораны 15 студзеня 1940 года ў складзе Вілейскай, з 1944 года - Маладзечанскай, а з 1960 года - Гродзенскай вобласці. Зямля Астравеччыны шчодрая таленавітымі людзьмі. Тут нарадзіліся браты Канстанцін і Альбін Стаповічы - паэт і музыкант, у в. Міхалішкі - літаратар Менке Кац, у в. Лакцяны - паэт, драматург і свяшчэннік Янка Быліна. У Трокеніках вырас сусветна вядомы мастак Мар'ян Богуш-Шышка. Прыгажосць прыроды краю, дружалюбнасць жыхароў прываблівалі паэтаў, мастакоў і многіх вядомых людзей. Так, у маёнтку Дубнікі падоўгу гасціў, выношваў задумы сваёй гістарычнай трылогіі польскі пісьменнік Генрык Сянкевіч. У Малях правёў апошнія гады свайго жыцця расійскі консул у Японіі, выдатны вучоны Іосіф Гашкевіч. У капліцы ў вёсцы Лоша ў 1938 г. пахаваны беларускі і польскі мастак Л. Дабжынскі.

У раёне 9 сельскіх Саветаў. У 379 населеных пунктах пражывае 25,6 тыс. чалавек, у тым ліку ў гарадскім пасёлку Астравец - 8,4 тыс., у сельскай мясцовасці - 17,1 тыс. Шчыльнасць насельніцтва - 16,3 чалавека на 1 кв.км.

Насельніцтвараёна шматнацыянальнае: 81,8 % складаюць беларусы, 9,3 % - палякі, 4,2 % - рускія, 3,5 % - літоўцы, 1,2 % - украінцы і іншыя нацыянальнасці.

Прамысловасць раёна прадстаўлена чатырмя прадпрыемствамі: ААТ "Кардонная фабрыка "Альхоўка", РУП "Астравецкі завод "Радыёдэталь", філіял "Камбінат кааператыўнай прамысловасці" Астравецкага райпо, Астравецкае унітарнае прадпрыемства бытавога абслугоўвання насельніцтва. На тэрыторыі раёна дзейнічаюць 23 недзяржаўныя прадпрыемствы: ЗАТ "НПЛІМ-Веста", ЗП "Тэхнапласт", ІПГВУП "Лес-Мет", ІПУВГП "Экса Карпарэйшн", фермерская гаспадарка "Астравецкае" і іншыя.

Эканамічнаеі сацыяльнае развіццё раёна ў асноўным базіруецца на сельскагаспадарчай вытворчасці. Аграрны сектар эканомікі прадстаўлены 8 сельскагаспадарчымі вытворчымі кааператывамі.

У сістэме адукацыі гімназія, 9 сярэдніх школ, 3 базавыя, 5 вучэбна-педагагічных комплексаў “сад-школа”, Варнянскі вучэбна-вытворчы камбінат, дзе вучні школ раёна атрымліваюць неабходныя і запатрабаваныя ў раёне прафесіі шафёра, трактарыста, прадаўца.

Медыцынскае абслугоўванне жыхароў раёна ажыццяўляюць цэнтральная раённая бальніца на 200 ложкаў, паліклініка на 446 наведванняў у змену, Міхалішкаўская ўчастковая бальніца на 65 ложкаў, у тым ліку 50 ложкаў сястрынскага догляду, 3 сельскія амбулаторыі ўрача, 20 фельчарска-акушэрскіх пунктаў.

У галіне культуры - 22 клубныя установы, 24 бібліятэкі. Працуюць 3 дзіцячыя школы мастацтваў, 2 музычныя школы, Дом рамёстваў, 5 самадзейных калектываў маюць званні "народны", 3 - "узорны".

Дзейнічаюць106 спартыўных збудаванняў, стадыён, 3 хакейныя каробкі, 16 спартыўных залаў.

У раёне знаходзіцца рэспубліканскі ландшафтны заказнік "Сарачанскія азёры" плошчай 13 004 га, у склад якога ўваходзяць 12 азёр, сярод іх найбольш буйныя Тумскае, Ёдзі, Белае, Вераб'і, Каймін, Туравейскае і інш. Ёсць 2 заказнікі мясцовага значэння (ландшафтны заказнік "Возера Бык" - 113 га, ландшафтны заказнік "Сяржанты" - 1015 га), 5 помнікаў рэспубліканскага і 16 помнікаў прыроды раённага значэння. Помнік прыроды рэспубліканскага значэння - геалагічнае агаленне міжледавіковых стужачных глін Камарышкі.

У рэках раёна водзяцца 5 відаў рыб, занесеных у Чырвоную кнігу - харыус, ласось атлантычны, стронга, кумжа, звычайная марона.

На тэрыторыі раёна 23 архітэктурныя помнікі. У іх ліку: архітэктурны ансамбль у в. Варняны, Георгіеўскі касцёл, дом аптэкара і плябанія (пабудаваны ў 1770 г.), Троіцкі касцёл у в. Гервяты, касцёлы ў в. Гудагай, Міхалішкі, Быстрыца, Клюшчаны і інш.