Герб Рэспублiкi Беларусь Герб г.Гродна Гродзенскі абласны
выканаўчы камітэт

Прыемная аблвыканкама

Адрас аблвыканкама:
230023 г. Гродна, вул. Э.Ажэшка, 3
Прыёмная: (0152)72-31-90
Запiс на прыём: 73-55-66
Факс: (0152)72-02-32

Главная - Беларуская версія - Навiны - Навiны рэгiёна
11 декабря 2017

Па нітачцы – і ручнік гатовы. Як на Ашмяншчыне адраджаюць традыцыі народнага ткацтва

Педалі, човен, бёрд – гэтыя прадметы з’яўляюцца зусім малой часцінкай непамерна вялікай гісторыі народнага мастацтва. А яго на Ашмяншчыне шануюць і сёння. Так, на працягу ужо чатырох год у Кальчунскім доме культуры маладая настаўніца Вольга Навіцкая вучыць дзяцей і дарослых працаваць на ткацкім станку. Па нітачцы, па нітачцы – і, глядзіш, ручнік гатовы. Але простым працэс ткацтва здаецца толькі для людзей, якія ткаць ніколі не спрабавалі. 

Дарэчы, гэты від народнага мастацтва вядомы здаўна. Людзі пачалі асвойваць яго элементы яшчэ ў каменным веку. Першым ткацкім вырабам былі плеценыя з расліннага валакна адзенне, абутак, посцілка. Адной з першых раслін, якія выкарыстоўваліся для атрымання тканіны, была звычайная крапіва. Аднак зробленыя з яе рэчы былі вельмі грубымі навобмацак, таму з часам нашыя продкі пачалі выкарыстоўваць для атрымання тканіны лён, воўну і бавоўну. Ткацтва было вельмі важным хатнім заняткам. Любая дзяўчына з малых гадоў умела ткаць паясы, ручнікі, посцілкі і многія іншыя рэчы. Дэкор, каляровае спалучэнне, арнаментальныя матывы вырабаў неслі глыбокі сакральны сэнс. 

 

Вольга навучылася ткацтву яшчэ падчас атрымання вышэйшай адукацыі. Чатыры гады назад яна скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт імя Максіма Танка па спецыяльнасці “Выяўленчае мастацтва і чарчэнне, беларускія народныя промыслы”. Разам з аднагрупнікамі дзяўчына навучылася саломапляценню, мастацкай апрацоўцы скуры, ганчарству, ткацтву, вышыўцы, ласкутнаму шыццю, вязанню, мастацкаму роспісу. А ужо пасля атрымання дыплома ўладкавалася настаўніцай у Кальчунскую школу . Як раз у той час у Дом культуры прывезлі ткацкі станок. Тады яшчэ ніхто нават не здагадваўся, што гэты прадмет прыцягне да сябе так шмат увагі. Але дзіўнае усё ж такі адбылося. 

Сёння маладая настаўніца праводзіць майстар-класы для ўсіх жадаючых, у тым ліку і для дзцей. У школе асобнай праграмы па вывучэнні ткацтва няма, але гэта не мяшае Вользе праводзіць  для зацікаўленых вучняў пазакласныя заняткі. Праходзяць яны вельмі прадуктыўна. Так, нядаўна пад кіраўніцтвам маладой настаўніцы дзеці напісалі навуковую працу пра касцюм, які Вольга зрабіла самастойна падчас вучобы ва ўніверсітэце. Маладая настаўніца расказала пра кожны яго элемент, але асаблівую увагу надала сатканай рознакаляровай спадніцы. 

IMG_3800.jpg 

– Жаночы народны касцюм вілейскага строю я рабіла на працягу года, – адзначыла Вольга Навіцкая. – Ён складаецца з каптура, кашулі, гарсэта, спадніцы (або андарака) і фартуха. Крой спадніцы традыцыйны  і мала адрозніваецца ад спадніц, якія ўжываліся ў іншых гісторыка-культурных рэгіёнах Беларусі. Ззаду вакол пояса тканіна сабрана ў зборку. Спераду спадніца застаецца гладкай, без зборкі. Гэта зроблена для таго, каб не павялічваць аб’ём жывата пад фартухом. Унізе падшыта паласой сіняй тканіны. Вузкі пояс вытканы на дошчачках і прышыты да андарака, так як з’яўляецца яго элементам. Кашулю я аздобіла сціплай вышыўкай крыжыкам чырвона-чорнага колеру на плячах, каўняру-стойцы, манжэтах. 

Цяпер нават самыя маленькія жыхары Кальчун могуць і расказаць пра ткацтва, і нават паказаць свае ўменні на практыцы. 

Таксама Вольга адзначыла, што самым адказным этапам у ткацтве з’яўляецца падрыхтоўка станка да працы. Дзеля гэтага трэба размясціць па сваіх месцах усе нітачкі, з якіх пазней складзецца тканіна і ўзор. Калі усё гатова – можна пачынаць. 

Сам прынцып ткацтва застаецца нязменным, але даволі складаным. Уздоўж станка нацягваюцца ніткі асновы, затым іх перасякае другая нітка – уточная. Здаецца, што ўсё проста, але на самой справе каб саткаць, напрыклад, невялічкі ручнічок, адных нітак і жадання не дастаткова. Без выкарыстання педалей, чоўна і бёрда нічога не атрымаецца. 

IMG_3815.jpg 

Таксама Вольга паведаміла, што ткаць можна не толькі на ткацкім станку – зрабіць, напрыклад, пояс дапамогуць спецыяльныя драўляныя дошчачкі, якія, дарэчы, з лёгкасцю змяшчаюцца на далоні. Ад іх колькасці залежыць таўшчыня пояса. Але варта адзначыць, што адной дошчакі будзе замала, пры ткацтве іх павінна быць мінімум тры. Вольга выкарыстоўвала нават 15, пры гэтым пояс даўжынёй два метра яна саткала ўсяго за два дні. 

Ужо чацвёрты год маладая настаўніца з радасцю перадае свае веды дзецям, знаёміць іх з традыцыямі мінулага і вучыць ткацтву. Самі вучні адзначаюць, што гэтае рамяство вельмі захапляе іх. Аднак, нават сёння, у час высокага развіцця тэхналогій, выраб тканіны на ткацкім станку – няпростая праца, якая патрабуе шмат цярпення. Менавіта гэтай рысы характару часта і не хапае дарослым людзям, а дзецям і падаўна. Але Вольга знайшла падыход нават да самых маленькіх, паказала ім, што народнае мастацтва – гэта нешта вельмі цікавае і карыснае нават у наш час.
 
газета "Ашмянскі веснік"