Навiны рэгiёна
Галоўная / Навiны / Навiны рэгiёна

Праект " Малая радзіма ў сэрцы маім" : Скульптар Уладзімір Церабун: “Трэба не дабаўляць гадоў жыцця, а напаўняць жыццём гады”

09.04.2018
Навiны рэгiёна
З упэўненасцю можна сказаць, што з творчасцю Уладзіміра Церабуна знаёмая большасць жыхароў Гродзеншчыны. Памятны знак супрацоўнікам міліцыі ў Гродне, Свіцязянка на возеры Свіцязь, сімвал Вялікай Бераставіцы – вавёрка, “Мядзведжая акадэмія” ў Смаргоні, конік у Зэльве ды шмат-шмат іншых. Усё гэта – працы Уладзіміра Васільевіча, таленавітага скульптара, члена Беларускага саюза мастакоў, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі і, што асабліва прыемна, нашага земляка, ганаровага грамадзяніна роднай Смаргоні. 

ДЗІЦЯЧАЯ НАПОЎНЕНАСЦЬ ЖЫЦЦЯ 

– Уладзімір Васільевіч, што для Вас малая Радзіма? 

– З гадамі ўсё больш заглядаеш не ў будучыню, а ў дзяцінства і юнацтва, бо там нейкая асаблівая чысціня часу пазнання свету, там бацькі, ты – сын, пра цябе клапоцяцца, радуюцца кожнаму твайму поспеху. Там бясконцае асяроддзе сапраўднага жыцця і надзеі. І калі ты туды вяртаешся з успамінамі, то гэта твая радзіма, дзе заўсёды ўтульна і цёпла. 

– Менавіта там варта шукаць вытокі вашага таленту і захаплення мастацтвам, прынамсі скульптурай? 

– Так, вядома, яны ў дзяцінстве і асяроддзі. Цымбальны аматарскі аркестр, канцэрты, агляды мастацкай самадзейнасці, розныя гурткі, у тым ліку авіямадэльны, фотагурток, перамогі, выезды агітбрыгады з канцэртамі на вёскі, індывідуальныя выступленні (сола на балалайцы), турыстычныя злёты, паездкі, школа, танцпляцоўка ў парку, самаробныя гітары “Бітлз”, сябры, першыя спробы ляпіць з гліны, выразаць з дрэва… Адным словам, напоўненасць жыцця. 

– Вашыя бацькі падтрымлівалі такія захапленні? 

– Без іх дапамогі не было б развіцця. Нам са старэйшым братам куплялі акварэльныя фарбы, пэндзлі, паперу. Брату бацька ў свой час, а мы яшчэ былі школьнікамі, купіў тры чвэрці акардэон. Пазней у хаце з’явілася нямецкае піяніна з кандэлябрамі. Нават скрыпку бацька прынёс, каб дзеці навучыліся. Але мы самі не змаглі яе наладзіць, і ніхто не падказаў, як гэта робіцца. Дарэчы, любімым татавым рамансам быў “Накіну плашч з гітарай пад палою…”, ён добра яго выконваў падчас сямейных застолляў. 

– Аднак для Вас, у адрозненне ад вашага брата, музыка не стала лёсавызначальнай. З усіх мастацтваў абралі скульптуру і ўпісалі сваё імя ў гісторыю многімі выдатнымі працамі. Ёсць яны і на Гродзеншчыне. 

– Варта сказаць, што ў асноўным мае манументальныя работы знаходзяцца менавіта на Гродзеншчыне: Гродна, Скідзель, Вялікая Бераставіца, Слонім, Зэльва, Масты, Дубна, Свіцязь, Смаргонь. Амаль трыццаць работ. Гэта мемарыяльныя комплексы, памятныя знакі, скульптурныя кампазіцыі, мемарыяльныя дошкі, люстры для грамадскіх будынкаў… Ёсць і Міншчына: Дальва, Лагойск, Слуцк, Мінск. 

– А з якім пачуццём выконваеце працу менавіта для роднай Гродзеншчыны?
 

– Усе творы робяцца з адным пачуццём – пачуццём адказнасці. Для мяне пастулатам з’яўляюцца словы старажытнага філосафа Латара Лонга: “Таму, хто асмельваецца ставіць помнікі на зямлі, прасычанай крывёю, павінны быць уласцівы высокія рысы адказнасці”. Манументальнага мастацтва, што знаходзіцца сярод людзей, гэта датычыцца асабліва. Гістарычная дакладнасць, прафесійнае выкананне, сугучнасць матэрыялаў, іх даўгавечнасць, маштабнасць кампазіцыі з асяроддзем… Як іначай?  Амаль на кожным помніку малапрыкметна, але ўсё ж выгравіравана тваё прозвішча. 

2.jpg 

– Якімі творамі найбольш ганарыцеся? 

– Вядома, мемарыяльным комплексам “Дальва”. Комплекс памяці абаронцам Першай сусветнай (у аўтарскім калектыве) – мемарыял, які, на жаль, пакуль не завершаны. Памятны знак супрацоўнікам міліцыі ў Гродне, які я ствараў у суаўтарстве з Аляксандрам Крахалёвым. Вельмі задаволены мастацкім афармленнем басейна прафілакторыя “Азот”, што каля Гродна. Дзесяцігоддзі прайшлі, а скульптура з мазаікай у 50 квадратных метраў дагэтуль радуе вока. 

БЕЗ МАСТАЦТВА ТВОРА НЕ БУДЗЕ 

– Неўзабаве ў Смаргоні з’явіцца памятны знак да 100-годдзя пагранічнай службы – чарговая ваша работа. 

– Так, і зараз якраз ідзе над ім праца. Напачатку мне прапанавалі зрабіць гатовую кампазіцыю, якая паўтарае настольны сувенір, – пагранічнік з вінтоўкай, сабакам і пагранічны слуп. Я адмовіўся, кажу: “Едзьце ў Мінск, там вам выляпяць”. Чаму адмовіўся? Тут няма мастацтва, а ёсць традыцыйны настольны сувенір. Манументальнае мастацтва – гэта зусім іншая справа, дзе ў аснове павінен быць сімвал, а не ілюстрацыя з жыцця. Канешне, і ілюстрацыя можа прысутнічаць, аднак першапачаткова трэба пазначыць сімвал. Тым больш, у гонар 100-годдзя. Тады сказалі: “Дайце прапанову”. Такую прапанову я зрабіў, узгаднілі, мастацкі савет зацвердзіў. Затым была лепка, і зараз – ліццё рэльефаў, тэкстаў і геральдыкі ў бронзе. На ўсё пайшло два гады, і ў маі запланавана адкрыццё памятнага знака. Свята і для людзей, і для мяне. 

– Вы казалі пра сімвал. Які быў абраны ў гэтай рабоце? 

– Як ні дзіўна, сімвал усё той жа – пагранічны слуп, але ён ператвораны ў помнік, і да гэтага слупа-помніка дадаюцца дэталі, якія раскрываюць гістарычнасць і знакавасць кампазіцыі, яе прызначэнне. 

– І ў гэтым выпадку, і пры выкананні любога твора варта ведаць гісторыю. 

– А як жа! Да прыкладу, мемарыял Першай сусветнай вайны ў Смаргоні, які мы выконвалі аўтарскім калектывам. Там шмат гістарычных тэкстаў. Давялося чытаць літаратуру, паглыбляцца. Затым нашы прапановы разглядалі аргкамітэт, Акадэмія навук. І апошняя інстанцыя – “Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі” , дзе супрацоўнікі выдавецтва праверылі гістарычныя звесткі і нават правапіс. На ўсё гэта пайшло больш за паўгода. 

Наконт памылак. Меў я такі грэх: на мемарыяльным комплексе ў Дальве было напісана слова “загубленных” – з двума літарамі “н” замест адной. Ніхто гэтага не заўважаў, але я ведаў, што ў тэксце ёсць памылка. Больш за трыццаць гадоў мучыўся, думаў, як выправіць: адліта ж усё з чыгуна. Калі прыйшоў час рэстаўрацыі, літару выпілавалі, а распіл заварылі. Гэта было для мяне свята. 

Вось што такое манументальнае мастацтва. Адказнасць ва ўсім. 

_DSC1656.JPG 

– Я так разумею, часам даводзілася адмаўляцца ад прапановы на тую ці іншую работу? 

– Даводзілася. І апошні прыклад з пагранічнікамі, пра які я ўжо распавёў. Сказаў: “Не буду ляпіць “Дзяўчыну з вяслом”. Учарашні дзень”. 
Неяк, не буду называць раён, папрасілі зрабіць памятны знак афганцам. Падрыхтаваў эскіз, зрабіў сімвалічны знак – чорны цюльпан, кветка з бронзы і граніту. А мне пытанне: “Дзе афганцы?”. Добра, а дзе афганцы на Востраве слёз у Мінску? Але ж гэта цікавы помнік, там жыве мастацтва, жалоба, ён кранае людзей. Са мной не пагадзіліся, і я адмовіўся, бо адказнасць за вынік нясу я, а не заказчык. Да таго ж трэба, каб людзі ганарыліся сваім творам мастацтва, каб ён стаў сімвалам іх горада, вёскі. 

ПЛАНЫ НА РАДАСЦЬ 

– Была ў Вас некалі выстава няздзейсненых праектаў. 

– Так, у 2012 годзе ў Смаргонскім гісторыка-краязнаўчым музеі. На ёй было прадстаўлена амаль сорак праектаў. З таго часу з тых сарака здзейснены толькі адзін – “Мядзведжая акадэмія” ў Смаргоні, 2014 год. 

Калі згадваць пра выставы, персанальных за перыяд творчай дзейнасці было дваццаць. Апошняя адбылася летась у сядзібе Агінскага ў Залессі і называлася “Хвіліны творчага натхнення”. Там было прадстаўлена 88 работ: дробная пластыка, жывапіс алеем і акварэлі, малюнкі, кераміка і праекты. 

– Столькі розных відаў мастацтва, тэхнік… А з якім матэрыялам Вам найбольш падабаецца працаваць? 

– Усе матэрыялы ў скульптуры ды і жывапісу маюць сваю тайну і прыгажосць. Але вялікую асалоду атрымліваю ад работы з глінай, бо яна вельмі пластычная і адгукаецца на подых сэрца і рукі. 

– Сярод планаў ёсць яшчэ праекты для Смаргоні?
 

– Завяршыць памятны знак пагранічнай службы. Нядаўна ініцыятыўная група пенсіянераў у складзе Пятра Южыка, Анатоля Янца і мяне звярнулася ў райвыканкам, каб за свае сродкі ўсталяваць дзве тэкставыя мемарыяльныя дошкі знакамітым землякам народнаму артысту Віктару Роўдзе і кампазітару-аматару Аляксандру Дзяругу на вуліцах, названых у іх гонар. Улады падтрымалі ініцыятыву, ідзе ўзгадненне праекта. 

Намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Бажыдай ужо шмат гадоў выношвае ідэю ўсталяваць скульптурную кампазіцыю “Лава Напалеона”, бо менавіта ў Смаргоні ў снежні 1812 года Напалеон кінуў сваю армію і даўся на ўцёкі на Парыж. Можа, і атрымаецца. Праект ужо распрацаваны. 

На маю думку, мы не часта выкарыстоўваем той ці іншы гістарычны матэрыял, часам вельмі значны, для таго, каб надаць нам больш годнасці. А варта было б. 

Але не ўсё трэба разглядаць толькі праз манументальнае мастацтва. Трэба думаць і пра тое, што застанецца для нашчадкаў пасля цябе. Кіраўніцтва СШ №1 г. Смаргоні, дзе я вучыўся, мяркуе выдзяліць памяшканне пад пастаянную экспазіцыю маёй творчасці – гэткі музей пры жыцці. Вядома, калі такое адбудзецца на самай справе, не дарма жыў на зямлі чалавек. Гэта гонар. Усё лепшае, што зараз маю, можна будзе пабачыць у музеі. А для мяне гэта яшчэ і стымул працаваць далей, колькі будзе моцы. 

– Для мастака не існуе слова “пенсія” ў звыклым разуменні – сысці з пасады. 

– Я лічу, што трэба не дабаўляць гадоў жыцця, а напаўняць жыццём гады. Кожны дзень планую наперад. Аднак гэта не абавязкова з раніцы да вечара нешта ляпіць. Трэба сябе пастаянна займаць добрымі цікавымі справамі. Калі складана і цяжка – ідзі да людзей, сяброў, знаёмых. Не марнуй час дарма, не займайся самаедствам. Плануй свае справы, дасягай мэты і радуйся гэтаму. 

Вось вам прыклад. Кіраўнік школьнага музея, дзе плануецца мая экспазіцыя, Расціслаў Шчасны даўно шукае школьную парту савецкіх часоў. А што, падумаў я, добрая справа. Задаўся мэтай і знайшоў парту ў Гудзевіцкім музеі. У бліжэйшы час яе перададуць нам. Не выказаць тую радасць, якую я атрымаў! Перакананы, што людзі будуць дакранацца да гэтай парты як да нечага блізкага, роднага. Таму шукайце сваю радасць жыцця і будзеце бадзёрымі заўсёды. 

DSC00110.JPG 

– Малая радзіма – Смаргоншчына. 27 гадоў Вы жылі ў Гродне, пасля ў Мінску. Які горад больш вабіць? 

– Адказу адназначнага не будзе, бо ў кожнага свае перавагі. Смаргонь, як ні кажы, – гэта дзяцінства, а ўсе мы родам адтуль. Гродна – маё станаўленне як мастака, вялікі вопыт работы ў розных кірунках. Цяпер гэта стаў такі прыгожы горад, так змяніўся, аж зайздросна. Мінск – шырыня магчымасцей і тое, чым жыў у студэнцкія гады і чым жыву зараз: канцэртныя залы, філармонія, галерэі, оперны тэатр, “Мінск-арэна”... У цырку ўпершыню ўбачыў лялечны тэатр Абразцова – незвычайны канцэрт. У Мінску я мог паслухаць Сцінга, “Скорпіёнс”, Карэраса, Ванэсу Мэй… Аркестры пад кіраўніцтвам Федасеева, Башмета. 

У сталіцы шмат скульптараў, нават канкурэнцыя, а яна таксама падштурхоўвае мастака. Тым больш моладзь падціскае сваімі новымі поглядамі. Таму трэба заняць сваё месца, не блытацца пад нагамі і даць магчымасць іншым адчуць асалоду творчасці. 
Добра, што жыў у розных гарадах. А зараз – ціхая Смаргонь. Жыву ў хаце аднаго з братоў, якога, на жаль, ужо не стала. Займацца творчасцю можна і тут. Ды не толькі ёю: пачынаюцца клопаты ў садзе, а ў мяне больш за паўсотні розных дрэў, нават персік расце. Гэта таксама дорыць асалоду. 

Наконт гарадоў. Пабывайце за мяжой. Мне давялося бачыць Рым, Парыж, Венецыю, Сан-Марына, Дрэздэн, Брусэль, Кёльн… Гэта застанецца ў памяці. А сёння можна захаваць і ў камп’ютары. 

БЛІЦ-АПЫТАННЕ 

- Настольная кніга? 

Шматтомныя слоўнікі і экцыклапедыі. 

- Галоўнае патрабаванне да сябе? 

Прыстойнасць. 

- Лепшая навіна за апошні час? 

Унучка Аліна пайшла ў мастацкую школу. Можа, гэтае маленькае зярнятка дасць добры колас маёй радзіме. Час пакажа. У яе дзед – скульптар, маці – дызайнер, вось і яна спрабуе атрымліваць асалоду ад творчасці. 

- Лепшы адпачынак? 

Змена дзейнасці. 

- Пасланне нашчадкам? 

Людзі, беражыце нашу планету Зямля, бо яна такая маленькая і не вытрымае той жорсткасці, якую мы ёй дачыняем. 

- Галоўнае вынаходніцтва чалавецтва? 

Камп’ютар. 

- Самы памятны дзень? 

Самы памятны момант жыцця і перапоўненага шчасця – залічэнне мяне студэнтам тэатральна-мастацкага інстытута на аддзяленне скульптуры. 
Фото з асабістага архіва Уладзіміра ЦЕРАБУНАТаццяна КУЗНЯЧЭНКАВА
Да спіса