Герб Республики Беларусь Гродно Гродненский областной
исполнительный комитет

Официальный портал -
победитель XV конкурса "ИНТЕРНЕТ - ПРЕМИЯ ТИБО-2017"

Интернет-приемная облисполкома

Адрес облисполкома:
230023 г. Гродно, ул. Ожешко, 3
E-mail: groblisp@mail.grodno.by
Приемная: (0152)72-31-90
Запись на приём: 73-55-66
73-55-67
Факс: (0152)72-02-32
Главная - Новости региона
12 марта 2018

Час выдання - XV стагоддзе. Старадрукі дазваляюць зазірнуць у мінулае

У самым цэнтры чытальнай залы аддзела рэдкіх кніг і старадрукаў гісторыка-археалагічнага музея нас чакае скрынка, якая дзясяткі гадоў служыць «домам» для кніг-першадрукаў, выдадзеных ад пачатку кнігадрукавання да 1500 года ўключна. Гэта самыя старыя кнігі на Гродзеншчыне. 

ЯКІЯ? 

Яны з’яўляюцца сапраўдным скарбам музейных фондаў і называюцца інкунабуламі (ад лац. «incunabulum» – калыска). У свеце захавалася няшмат падобных выданняў і амаль усе яны на ўліку. У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, напрыклад, сёння захоўваецца ўсяго 43 падобных выдання, яшчэ пяць – у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і тры – у Гродзенскім дзяржаўным гісторыка-археалагічным музеі. 

– Перад намі не проста кніга, – пачынае знаёмства з выданнем загадчык аддзела рэдкіх кніг і старадрукаў Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея Алена Развановіч. – Гэта ўладальніцкі канвалют, у якім пад адной вокладкай пераплецены адразу тры інкунабулы. Як вядома, першыя кнігі выходзілі з друкарні нават не сшытымі і перапляталіся ўжо па заказу, густу і згодна з фінансавымі магчымасцямі ўладальніка. Пераплёт нашага экзэмпляра даволі сціплы – у канцы ХVІІ стагоддзя ён быў выкананы са свіной нефарбаванай скуры. 

IMG_9966.jpg 

Першая інкунабула – гэта «Падручнік па логіцы» прафесара Кракаўскага ўніверсітэта Яна Глагоўскага, сярод студэнтаў якога былі знакаміты астраном Мікалай Капернік і славуты беларускі першадрукар Францыск Скарына. Кніга была надрукавана ў Лейпцыгу Вольфгангам Штэкелем у 1500 годзе для кардынала Фрыдрыха Ягелончыка (1468 – 1503), малодшага сына караля польскага і вялікага князя Літоўскага Казіміра Ягелончыка. 

Другая інкунабула – трактат «Аб быцці і сутнасці» прафесара Парыжскага ўніверсітэта Эгідзія Рымскага. Гэта самая старая кніга ў музейным кнігазборы, якая ў 1493 годзе была выдадзена ў Лейпцыгу адным з выдатных друкароў Конрадам Кахелафенам. Яе аўтара, прафесара тэалогіі і філасофіі, некалі сам кароль Філіп Смелы запрасіў у настаўнікі да свайго сына, будучага караля Францыі Філіпа IV Прыгожага. 

Трэцяя інкунабула – рэлігійна-філасофскі слоўнік «Аб тлумачэнні цяжкіх тэрмінаў тэалогіі, філасофіі і логікі» вядомага нямецкага філосафа і тэолага Арманда з Белавізы. У 1499 годзе слоўнік быў выдадзены Генрыхам Квенталем у Кёльне. Тытульны ліст гэтай інкунабулы ўпрыгожаны гравюрай. На ёй – выява прафесара за кафедрай, вакол яго слухачы з кнігамі. 

DSCN2294.jpg 

ЯК   ЗАХОЎВАЮЦЦА? 

Гартаем храбусткія старонкі выдання-першадрука толькі ў беласнежных пальчатках. Гэта абавязковае патрабаванне пры працы з «узроставымі» прадстаўнікамі літаратуры. І асабліва беражлівае стаўленне ў дадзеным выпадку – заклад захаванасці выдання для будучых даследчыкаў. 

Кожны радок – на латыні, а на шырокіх палях тонкімі радкамі ледзь праглядаюцца алоўкавыя пазнакі былых уладальнікаў унікальнага на сённяшні дзень выдання. 

DSCN2297.jpg 

Чые рукі гарталі старонкі гэтых каштоўных выданняў, хто на працягу некалькіх стагоддзяў пакінуў тут свае занатоўкі – пакуль застаецца таямніцай і прадметам далейшых даследаванняў. Аднак імёны апошніх уладальнікаў дакладна вядомы – гэта граф Вандалін Пуслоўскі і яго дачка графіня Марта Красінская, якая ў 1927 годзе і падаравала гэты бясцэнны экспанат музею. 

АДКУЛЬ? 

Граф Вандалін Пуслоўскі быў вельмі багатым прамыслоўцам, фабрыкантам і вядомым калекцыянерам, збіраў старажытныя манеты, карціны, рэдкія кнігі. Яго знакаміты Косаўскі палац з бальнай залай, пад празрыстай падлогай якой у вялізным акварыуме плавалі жывыя экзатычныя рыбкі, змяшчаўся на тэрыторыі сучаснай Брэстчыны. І менавіта тут захоўваліся буйнейшыя калекцыі твораў мастацтва і кніжныя скарбы рода. Аднак, калі ў 1882 годзе яго дачка выходзіла замуж, бацька падараваў ёй частку сваёй бібліятэкі і маёнтак Свіслач у 15 кіламетрах ад Гродна. Такім чынам, частка бібліятэкі павандравала пад Гродна. 

DSCN2319.jpg 

У спадчыну ад бацькі Марта Красінская атрымала не толькі частку кнігазбору, але і яго палкую прыхільнасць да кніжнай мудрасці і стала такой жа аматаркай збірання кніг. Яна значна павялічыла кнігазбор. У 1920 годзе графіня пазнаёмілася з маладым гісторыкам і археолагам, будучым заснавальнікам і першым дырэктарам музея ў Гродне Юзэфам Ядкоўскім. Гэтая сустрэча і вырашыла лёс свіслацкага кнігазбору. 

31 кастрычніка 1927 года графіня Марта Красінская падаравала свой кнігазбор са Свіслачы гродзенскаму музею. Акт перадачы быў аформлены афіцыйна, а падрабязная інфармацыя пра гэтую значную для культурнага жыцця горада падзею была змешчана на старонках гродзенскай газеты «Nowe życie». 

ДЗЕ ЎБАЧЫЦЬ? 

Спачатку каля 10 тысяч тамоў кніг XV – пачатку XX стагоддзяў размясцілі ў Старым замку. У знак удзячнасці навуковая бібліятэка музея атрымала назву «Бібліятэка імя Вандаліна Пуслоўскага і Марты Красінскай». 

DSCN2324.jpg 

У складзе музейнай бібліятэкі частка кнігазбору Пуслоўскіх перажыла Другую сусветную вайну, выйшла з усіх завірух з мінімальнымі стратамі. Сёння гэтая багатая кніжная спадчына не схавана за сям'ю замкамі і даступная для любога зацікаўленага чытача, які ў чытальнай зале аддзела рэдкіх кніг і старадрукаў музея можа папрацаваць з гэтымі ўнікальнымі цікавейшымі кнігамі. 

З 1927 года ўвазе шырокага гледача інкунабулы прадстаўляліся толькі тройчы. У апошні раз убачыць рэдкае выданне наведвальнікі музея маглі падчас выставы «Таямніцы старых пераплётаў», прымеркаванай да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. Да таго ж у гэтым годзе інкунабулы ўвайшлі ў альбом «Скарбы музеяў Гродзеншчыны».