Новости региона
Главная / Новости / Новости региона

Рыцарскі стан, інструментальная музыка і гастранамічная карта: чым сустрэне юбілейны фестываль «Гальшанскі замак»

13.03.2019
Новости региона
18 мая адбудзецца дзясяты фестываль сярэднявечнай культуры «Гальшанскі замак».
Чым сёлета будзе здзіўляць гасцей дзясяты, юбілейны, фестываль сярэднявечнай культуры “Гальшанскі замак”? Якія калектывы стануць хэдлайнерамі свята? У якім абліччы сустрэнуць аматараў гісторыі былыя ўладанні Сапегаў? Гэтыя і іншыя пытанні абмеркавалі падчас пасяджэння раённага аргкамітэту па падрыхтоўцы да фестывалю.
Удзел у абмеркаванні прынялі старшыня райвыканкама Міраслаў Сарасек, яго намеснікі Наталля Станкевіч, Галіна Люткоўская, Вадзім Пашкоўскі, старшыня Гальшанскага сельвыканкама Войцех Коўзан, старшыня мясцовай гаспадаркі Мікалай Праўко, прадстаўнікі лясгаса, раённага філіяла аблспажыўтаварыства і, канешне, работнікі культуры, на якіх ляжыць асаблівая адказнасць за вызначэнне канцэпцыі свята.

Дарэчы, юбілейны фестываль адбудзецца 18 мая, а гэта значыць: на ўсё пра ўсё засталося крыху больш за два месяцы. За навядзенне парадку ля сцен замка і ў аграгарадку патрэбна брацца ўжо зараз, адзначыў Міраслаў Сарасек. Да гэтай справы павінны далучыцца і мясцовыя жыхары – хаця б на ўласных падворках.
Безумоўна, асноўная ўвага скіравана на помнік архітэктуры. Тут працягваюцца работы па рэканструкцыі фрагментаў сцен, што прымыкаюць да адноўленай звонку паўночнай вежы. Ужо зроблена і металічная лесвіца, па якой неўзабаве можна будзе трапіць у вежу. Менавіта адноўленая паўночная вежа стане галоўным падарункам для гасцей сёлетняга фестывалю. Усталяванне лесвіцы, падсветка сцен, стварэнне экспазіцыі патрабуюць значных высілкаў і сродкаў — але дзякуючы гэтаму нашчадкі змогуць дакрануцца да гісторыі.
DJI_0063.jpg
Часткова зрабіць гэта можна будзе падчас юбілейнага фестывалю, які ў чарговы раз збірае рэканструктараў сярэднявечнага побыту, рыцарскія клубы і проста аматараў гісторыі. На прылеглай да замка тэрыторыі размесцяцца музычная сцэна, намёты, рыцарскі стан, будуць прадавацца вырабы рамеснікаў. Як і ў мінулыя гады, адбудуцца тэатралізаваныя прадстаўленні, конныя турніры і, канешне, музычныя выступленні. Чакаецца, што хэдлайнерамі сёлетняга свята стане гурт «Стары Ольса», які ўдзельнічаў у першым фестывалі «Гальшанскі замак», а таксама «Літы Талер», PAWA.  Плануецца фестываль інструментальнай музыкі, які пройдзе ў мясцовым Доме культуры.
Сярод цікавостак, якія рыхтуюць арганізатары, — унікальная магчымасць убачыць замак Сапегаў ва ўсёй красе. Спецыяльныя тэхналогіі дапамогуць старым мурам ажыць, няхай сабе толькі ў 3D-праекцыі.
c424e539d823f5a0d578fd514bebcf6b.jpg
Гастранамічная карта свята таксама абяцае парадаваць. Акцэнт плануецца зрабіць на нацыянальныя стравы, сярод якіх асаблівае месца зоймуць гальшанскі пернік і смажанае парася.
Па ўсім бачна, будзе цікава!
К списку