Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным па белым
Белым па чорным
ГРОДЗЕНСКІ АБЛАСНЫ ВЫКАНАЎЧЫ КАМІТЭТ
Афіцыйны партал
Галоўная / Рэгіён / Выдатныя мясцiны Гродзеншчыны / Дзятлаўcкi раён

Дзятлаўcкi раён

Тэрыторыя раёна заселена са старажытных часоў. На берагах рэк Нёман, Шчара і Моўчадзь археолагі выявілі сляды першабытнага чалавека: стаянкі, селішчы, гарадзішчы, курганы. Стаянкі каменнага і бронзавага вякоў  знойдзены каля вёсак Нясілавічы (больш за 15), Чарлёнка, Пархуты, Гарадкі, Дзям’янаўцы, Гезгалы, Коцькі, Скрундзі, Селівонкі, Вусце, Латышы, Рыбакі, у ваколіцах п. Наваельня (21 стаянка). У канцы бронзавага – пачатку жалезнага веку пачалося ўзвядзенне ўмацаваных архітэктурна-земляных збудаванняў (селішчаў, гарадзішчаў).  Яны вядомы ля сучасных населеных пунктаў Агароднікі, Гарадкі, Вялікая Воля, Гербелевічы,  Дзям’янаўцы, Малая Воля, Мілашэвічы, Накрышкі, Навасёлкі, Скрундзі, Таркуны, Ятвезь. Курганы знойдзены каля вёсак Валоўнікі, Карытніца, Дзям’янаўцы. Некаторыя назвы населеных пунктаў і гідронімы — балцкага паходжання, каменныя курганы, літоўскія прозвішчы ўказваюць на рассяленне тут яцвягаў.

Адно са старажытных пасяленняў у раёне – Дзятлава (Зецела, Здзяцел, Здзецель, Здзенцель, Дзенцель), назва якога паходзіць, верагодна, ад назвы возера З’ята. Першы ўспамін аб Дзятлаве знаходзіцца ў даравальным акце вялікага літоўскага князя Аляксандра ад 1498г., дзе ўказвалася, што “двор Здзечоло” падараваны гетману князю Канстанціну Астрожскаму з дазволам заснаваць тут мястэчка. З пачатку ХІІ ст. яно належыць Сапегам (яны перабудоўваюць замак-палац), з 1656г. – князю Аляксандру Гіляру Палубенскаму, а ў 1685г. мястэчка пераходзіць да Дамініка Мікалая Радзівіла і становіцца цэнтрам графства. У канцы ХVІІ — пачатку ХVІІІ ст. будуецца трохпавярховы з дзвюма вежамі замак у стылі барока. У 1751г. ён перабудоўваецца ў стылі ракако. Наступнымі ўладальнікамі Дзятлава былі бацька і сын Солтаны: Станіслаў – маршалак надворны ВКЛ, удзельнік падрыхтоўкі паўстання 1794г. і Адам – палкоўнік войска кароннага, удзельнік паўстання 1830—1831 гг. У апошняга Дзятлава было канфіскавана ў казну.

          

Гарадскі пасёлак Наваельня вядома па інвентару 1641г. Тут была парадная рэзідэнцыя магната. Гэты адзіны з нешматлікіх узораў палацава-паркавага ансамбля пачатку ХІІ ст., на жаль, не захаваўся. Ёсць толькі помнікі больш позняга часу: Свята-Раства Багародзіцкая царква (1876—1879) і касцёл Найсвяцейшага сэрца Ісуса (1936).

 Сённяшні г.п. Казлоўшчына ў ХІ ст. уваходзіў у Навагрудскае ваяводства ВКЛ, а пасля далучэння да Расійскай імперыі быў мястэчкам, цэнтрам воласці Слонімскага павета. Захавалася Свята-Успенская царква (1928), пабудаваная на месцы храма 1773г. Яшчэ адна адметная мясціна — в. Боркі, якая ў ХVІ ст. была прыватным уладаннем роду Сапегаў. Тут жыў і працаваў каралеўскі рэвізор Дзмітрый Сапега (памёр у 1576г.). У пачатку ХХ ст. у вёсцы была пабудавана сядзіба Валяр’яна Пратасевіча, якая збераглася часткова, як і невялікі парк пейзажнага тыпу.

          

У  Жыбартоўшчыне была сядзіба роду Дамейкаў. Тут правёў сваё дзяцінства філамат, вучоны, нацыянальны герой Чылі Ігнат Дамейка. Жыў у сядзібе і яго пляменнік Леан Дамейка – актыўны ўдзельнік паўстання 1863—1864 гг. У Жыбартах ад сядзібнага комплексу захаваўся толькі мураваны аднапавярховы дом. Назавём вядомыя культавыя пабудовы, што знаходзяцца ў раёне.Касцёлы — ў населеных пунктах Дварэц (1904), Раготна (ХІХ ст.), Руда Яварская (пачатак ХХ ст.). Цэрквы дзейнічаюць у вёсках Вензавец (1875), Вялікая Воля (1866), Горка (канец ХІХ — пачатак ХХ ст.), Нагарадовічы (2-ая палова ХІХ ст.), Накрышкі (1886), Нянадавічы (канец ХІХ ст.), Явар (пачатак ХХ ст.). Капліцы стаяць у вёсках Азяраны (1928), Лапушна (1908).

Праславілі Дзятлаўшчыну знакамітыя асобы. У Дзятлаве нарадзіўся дзяржаўны і вайсковы дзеяч ВКЛ Мікалай Фаўстын Радзівіл, у Наваельні – дзяржаўна-грамадскі дзеяч Антоній Тызенгаўз, у Жукоўшчыне – паэт, удзельнік паўстання 1794г. Р. Корсак, у Погірах – удзельнік заходнебеларускага нацыянальна-вызваленчага руху, працаваў у Акадэміі навук БССР І. Дварчанін, у Нагародавічах — паэт В. Дмахоўскі. А колькі літаратараў нарадзіліся на гэтай зямлі! Празаік, кінадраматург В. Адамчык з в. Варакомшчына, пісьменнік і перакладчык В. Шымук з в. Змяёўцы,  паэт Пятрусь Граніт з в. Зачэпічы. Родам з Казлоўшчыны паэт і публіцыст С. Хмара, з Наваельні – паэт К. Ільюшчыц, з Рабкоў – літаратуразнавец і крытык, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі В. Чамярыцкі.