Рэгіён
Галоўная / Рэгіён / Раёны / Зэльвенскі раён

Зэльвенскі раён

 Афіцыйны сайт Зэльвенскага раённага выканаўчага камітэта

Зэльвенскі раён знаходзіцца на поўдні Гродзенскай вобласці. Утвораны 15 студзеня 1940 года. Плошча раёна складае 0,87 тыс. кв.км. Насельніцтва - 22 тыс. чалавек, гарадское насельніцтва складае 35,5 % (7 800 чалавек). Сярэдняя шчыльнасць - 30,9 чалавек на 1 кв.км. Цэнтр раёна - гарадскі пасёлак Зэльва. У складзе раёна 126 сельскіх населеных пунктаў, 10 сельсаветаў: Галынкаўскі, Дабрасельскі, Дзярэчынскі, Зэльвенскі, Каралінскі, Крамяніцкі, Славаціцкі, Сынковіцкі, Тулаўскі, Ялуцавіцкі. Паводле нацыянальнага складу насельніцтва размеркавана наступным чынам:

беларусы - 68 працэнтаў;
палякі - 25 працэнтаў;
рускія - 5 працэнтаў.

Тэрыторыя раёна знаходзіцца на Ваўкавыскім і Слонімскім узвышшах, якія падзелены далінай ракі Зальвянка, на поўначы - Нёманская нізіна. Рэльеф - узгорыста-платопадобны. Пераважае вышыня 150-200 метраў над узроўнем мора, самы высокі пункт - 239 метраў (каля вёскі Мадзейкі).

Карысныя выкапні: торф, гравій, пясок, ганчарныя і цэментныя гліны.

Сярэдняя тэмпература студзеня -5,1 градуса па шкале Цэльсія, ліпеня  18 градусаў па шкале Цэльсія. Ападкаў выпадае 536 мм у год. Вегетацыйны перыяд 198 сутак.

Працякаюць рэкі Зальвянка, Шчара з прытокамі Луконіца, Бяроза. У раёне знаходзіцца Зэльвенскае вадасховішча (плошча 1190 га, максімальная глыбіня - 7,5 м, сярэдняя - 2,6 м) - буйнейшы вадаём Гродзенскай вобласці, займае 18-е месца па плошчы ў рэспубліцы. Лясы пераважна хваёвыя, яловыя, бярозавыя, асінавыя, трапляюцца дубовыя і грабавыя. Лясы займаюць 16,1 % тэрыторыі раёна, з іх 35 % - штучныя насаджэнні. Глебы іх дзярнова-падзолістыя (64 %), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (11,5 %), тарфяна-балотныя (12,5 %). У даліне ракі Зальвянка заліўныя лугі. Рэспубліканскі біялагічны заказнік  Медухава, паляўнічы заказнік Старасельскі. Помнікі прыроды: камень-валун, дуб-трайнік. Вярховыя балоты Карэвін луг (44,5 га) і Вішнеўка (143,2 га) аб'яўлены помнікамі прыроды мясцовага значэння.

Агульная плошча сельгасугоддзяў складае 54 631 га, у тым ліку ворыва - 35 905 га. Раён з'яўляецца сельскагаспадарчым, спецыялізуецца на вытворчасці малака, мяса і збожжа. Вытворчасцю сельскагаспадарчай прадукцыі на тэрыторыі раёна займаюцца 10 сельскагаспадарчых вытворчых кааператываў, 1 сельскагаспадарчы філіял, 2 раённыя унітарныя сельскагаспадарчыя прадпрыемствы і 9 фермерскіх гаспадарак. Прадпрыемствы: харчовай прамысловасці, будаўнічых матэрыялаў. На тэрыторыі раёна праходзяць чыгуначная лінія Гродна - Баранавічы, аўтадарогі Ваўкавыск - Слонім, Слонім - Масты.

Будаўнічыя работы на тэрыторыі раёна выконваюць ДП "Зэльвенская МПМК-148", ААТ "Зэльварамбуд", УДБП "Зэльвенская ПМК", Зэльвенскае ўпраўленне меліярацыйных сістэм, а таксама будаўнічыя  арганізацыі вобласці і рэспублікі. Цяпер актывізавана работа па будаўніцтву жылля для маладых спецыялістаў сельскагаспадарчымі вытворчымі кааператывамі.

Бытавое абслугоўванне ўсіх сельскіх Саветаў ажыццяўляецца праз 12 комплексна-прыёмных пунктаў, аказваецца 15 відаў паслуг. Функцыянуе гасцініца, пракатная база, база адпачынку.

Дамінуючае становішча ў гандлёвым абслугоўванні займае спажывецкая кааперацыя. Гандлёвую дзейнасць у раёне ажыццяўляюць 79 магазінаў, з іх 11 прадуктовых, 10 - прамысловых, 55 - змешаных, 1 крама дома, 2 аўтамагазіны. У аб'яднанні прадпрыемстваў грамадскага харчавання працуе 9 прадпрыемстваў на 284 пасадачныя месцы.

Медыцынскія паслугі аказваюць:

цэнтральная раённая бальніца на 175 ложкаў;
Манцякоўская бальніца сястрынскага догляду на 25 ложкаў;
паліклініка, разлічаная на 185 наведванняў у змену;
7 сельскіх урачэбных участкаў;
16 фельчарска-акушэрскіх пунктаў;
4 брыгады хуткай дапамогі.

У раёне працуюць 22 школы, у тым ліку 9 сярэдніх, 1 гімназія, 9 базавых, з іх "базавая школа-сад" - 1, санаторная школа-інтэрнат - 1, пачатковых - 3. Пазашкольныя ўстановы - 2. ВВК - 2. ЦКРНіР - 1. Сацыяльны прытулак - 1. Дашкольных устаноў - 17.

Архітэктурныя помнікі: сядзіба (канец 19 ст.) у вёсцы Аляксандраўшчына, царква Яна (канец 19 ст.) у вёсцы Вострава, Спаса-Праабражэнская царква (сярэдзіна 19 ст.) і касцёл Ушэсця (пачатак 20 ст.) у вёсцы Дзярэчын, Юр'еўскі касцёл (1617) у вёсцы Крамяніца, Міхайлаўскі касцёл (1782) у вёсцы Луконіца, Благавешчанскі касцёл (1912) у в. Міжэвічы, царква (канец 18  - пачатак 19 ст.) у вёсцы Славацічы, вадзяны млын (канец 19 ст.) у вёсцы Старая Галынка, царква-крэпасць (15-16 стст.) у вёсцы Сынкавічы.