Магазін “Мірскі” знаходзіцца на самым бойкім месцы ў Міры.
6 кастрычніка Прэзідэнт Беларусі Аляксандр
Лукашэнка па выніках нарады аб цэнавай сітуацыі ў краіне падпісаў
дырэктыву № 10 «Аб недапушчальнасці росту цэн». Дакумент прыняты ў мэтах
аператыўнага рэагавання на сітуацыю на спажывецкім рынку. Такім чынам з
6 кастрычніка ў краіне ўведзены мараторый на павышэнне цэн. За
выкананнем дырэктывы на месцах сочаць прадстаўнікі Камітэта
дзяржкантролю, прафсаюзы і дэпутаты розных узроўняў.
13 кастрычніка ў магазіне “Мірскі” г.п. Мір Карэліцкага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства маніторынг правялі дэпутаты
Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандр
Сонгін і Людміла Жалнерчык.
Магазін “Мірскі” знаходзіцца на самым бойкім месцы ў пасёлку, на плошчы
17 Верасня. На недахоп наведвальнікаў тут не скардзяцца. Гандлёвая
кропка прасторная, з сучасным халадзільным абсталяваннем, на паліцах
прадстаўлены шырокі асартымент тавараў. Дэпутаты вывучаюць дакументы, у
якіх цэны
зафіксаваныя на момант падпісання Дырэктывы № 10, звяраюць з тымі, што
на вітрынах. Парушэнняў не зафіксавана. Адзначаюць шырокі выбар
прадукцыі, які не саступае таму, што ёсць у буйных гарадах. Гэта і ёсць
сацыяльная справядлівасць, калі чалавек і ў вялікім населеным пункце, і ў
вёсцы можа купіць тое, што яму трэба, па даступнай цане.
— На асаблівым кантролі дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага
сходу знаходзяцца пытанні спажыўкааперацыі, — адзначае Людміла
Жалнерчык. — Мы вывучаем працу гандлёвых кропак, іх фінансавае
становішча, узровень цэн і гандлёвых надбавак, асартымент прадукцыі,
стан стабілізацыйных фондаў. Сёння мы праводзім маніторынг у Гродзенскай
і Брэсцкай абласцях. Пры выяўленні праблемных пытанняў на месцах
абазначым іх на ўзроўні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Наша
мэта — зрабіць усё для таго, каб нашы жыхары мелі шырокі выбар прадукцыі
па прымальнай цане. Што тычыцца магазіна “Мірскі”, парадаваў шырокі
асартымент і нізкія цэны на сельгаспрадукцыю, якая закупляецца ў
насельніцтва.
Па словах парламентарыя, цяпер ідзе выпрацоўка мер, якія закліканы
стабілізаваць цэнавую сітуацыю і стануць асновай адпаведнай пастановы.
Важна, каб у краіне быў дзейсны кантроль за цэнаўтварэннем і цэны былі
справядлівымі.
— У рознічным тавараабароце раёна Карэліцкае райспажыўтаварыства займае
19%, — адзначае дырэктар Карэліцкага філіяла Гродзенскага абласнога
спажывецкага таварыства Сяргей Саўко. — Рознічны тавараабарот за 9
месяцаў бягучага года складае 11,1 млн рублёў, тэмп росту роўны 99,6%.
Па выніках працы за год плануем выйсці на ўзровень 100%. У раёне
функцыянуе 32 стацыянарныя крамы. Працуюць 7 аўталавак, якія ў сярэднім
за дзень праязджаюць ад 70 да 150 км, бываючы ў кожным населеным пункце
2-3 разы на тыдзень. У стацыянарных крамах вытрымліваем неабходны
асартыментны пералік тавараў. Актыўна працуем з насельніцтвам па
нарыхтоўцы плодаагародніннай прадукцыі. Так, сёлета нарыхтавалі 119 тон
гародніны і 30 тон яблыкаў. У нашых крамах дзейнічаюць абмежаваныя
гандлёвыя надбаўкі на сацыяльна значныя тавары па 29 таварных групах:
малочная, мясная, хлебабулачная і бакалейная прадукцыя. Прадастаўляюцца
сацыяльныя зніжкі для сацыяльна неабароненых катэгорый насельніцтва:
пенсіянераў, інвалідаў, малазабяспечаных.
Да спіса