Падчас традыцыйных базараў арганізаваны святочныя забавы.
На асенніх кірмашах, што праходзяць па
ўсёй краіне, можна не толькі зрабіць ладныя запасы на зіму. У некаторых
рэгіёнах улады арганізавалі падчас традыцыйных базараў святочныя забавы.
Напрыклад, злавіць рыбу голымі рукамі ды выйграць пеўня можна было ў
суботу на кірмашы ў Шчучыне. Мы таксама параўналі цэны на найбольш
папулярную прадукцыю на мінскіх і рэгіянальных пляцоўках, пішу «
СБ».
Карэспандэнт «СГ» накіравалася на кірмаш у Шчучыне з самага ранку. Яшчэ
і сямі гадзін не было, як вуліца Леніна ў райцэнтры ажыла, загаманіла і
зазвінела гаманцамі.
Кірмаш — той дзень, калі вёска горад корміць, таму гараджанам, відаць,
не спалася — яны ішлі з сумкамі ды мяхамі. Свае паслугі прапаноўвала
грузавое таксі, бескарыслівую дапамогу — актывісты РК БРСМ.
Восеньскі кірмаш зноў здзівіў багатым асартыментам і мясцовым
каларытам. Выйграць прадукцыю можна было і падчас сельгаслатарэі: за 2,5
рубля атрымаць мех бульбы, морквы, цыбулі, яблыкаў і нават разжыцца
пеўнямі ды курамі. Сёлета ўдача ўсміхнулася шчучынцам Юліі і Кірылу
Скаромным, якія набылі ажно 16 квіткоў! Выйгрышных — дзевяць.
—
У мінулым годзе купілі дзесяць квіткоў, і амаль усе былі
шчаслівыя. Выйгралі суперпрыз — двух пеўняў і дзве курыцы. Вось і сёлета
вырашылі паспытаць шчасце і не прагадалі, — прызналіся Скаромныя.

Як заўсёды, знайшліся смельчакі, якія прынялі ўдзел у традыцыйнай
гумарыстычнай рыбалцы. Праўда, каб рыбу з'есці, трэба было ў ваду лезці.
Удзельнікі пад гучныя апладысменты гледачоў лавілі рыбу голымі рукамі!
Актыўна працавалі падворкі і выязны гандаль. Цікавымі рукатворнымі
таварамі радавалі народныя ўмельцы. Асабліва шмат было вязаных вырабаў,
патрэбных акурат да халадоў.
—
Сёлета ў кірмашы ўдзельнічалі дзевяць гаспадарак раёна. Прадалі
яны 40 тон збожжа, 20 тон бульбы, каля 8 тон яблыкаў. А яшчэ попытам
карысталіся цыбуля, капуста, морква і іншая агародніна, — расказаў
першы намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Шчучынскага райвыканкама Андрэй Клімовіч. На кірмашы было шмат прадаўцоў і з іншых раёнаў. Напрыклад, Наталля
Кароза прыехала з Мастоў. У яе звыш 70 сартоў хрызантэмы. Шчучынцам
кветкавод прапанавала 45 відаў. Кошт — ад 4 да 20 рублёў.
Імпрэза запомнілася і тэатралізаванай праграмай, якую падрыхтавалі работнікі РЦКіНТ і Мастоўскага РЦК.