Навiны рэгiёна
Галоўная / Навiны / Навiны рэгiёна

Рэстаўрацыя Любчанскага замка. Як ідэя і жаданне падымаюць з векавых руін гісторыю

03.11.2021
Навiны рэгiёна

Свой пасільны ўклад у аднаўленне жамчужыны роднага краю ўносяць і жыхары Любчы

Так, Любчанскі замак – першы ў нашай краіне замак, які аднаўляецца па ініцыятыве аднаго чалавека валанцёрамі з усіх мясцін нашай радзімы за сродкі Дабрачыннага фонду «Любчанскі замак», які дзейнічае з 2003 года. На працягу гэтых гадоў энтузіясты на чале з дырэктарам фонду Іванам Пячынскім аднаўляюць гісторыка-культурную каштоўнасць Рэспублікі Беларусь.
На якім этапе зараз рэстаўрацыя, карэспандэнту novgazeta.by. паведаміў Іван Антонавіч падчас правядзення работ 24 кастрычніка разам з 11 валанцёрамі. Дарэчы, гэта каманда працавала і на наступны дзень..

22й.jpg

Штогод мы арганізоўваем летнікі. Бягучы год не стаў выключэннем. Студэнты архітэктурнага факультэта БНТУ і студэнты розных факультэтаў БДТУ, вучні гімназіі № 34 г. Мінска працавалі на працягу ўсяго лета, – расказвае Іван Антонавіч. – Пасля іх ад’езду работа не спынілася, а працягваецца добраахвотнікамі, валанцёрамі і жыхарамі гарадскога пасёлка, неабыякавымі да гісторыі людзьмі. Штодня кіпіць работа: нарыхтоўвалі цэглу з будынка былой Купіскай школы, якая прайшла экспертызу і яе якасць аказалася не горшай за новую. Забетанавалі фундамент падмурка (ростверк), даўжыня якога 76 м, на ім будзе замёт (паркан) вышынёй 3,75 м. Такі ж замёт у далейшым будзе зроблены і з другога боку – паміж паўднёвай і ўсходняй вежамі. Пасля выканання замётаў замак з чатырох бакоў будзе «непрыступны». Па праекце пасля будаўніцтва дамбаў каля ўсходняй (драўлянай) і паўночнай (дазорнай) вежаў замак можа быць абводнены – гэта значыць равы з трох бакоў будуць запоўнены вадой. На сёлета была запланавана і зроблена частка сцяны (28 м) паміж заходняй (брамнай) і паўночнай (дазорнай) вежамі.

33й.jpg

Агульная даўжыня зробленай сцяны складае 51 м, засталося дарабіць у наступным годзе 8 м. Сёлета няма магчымасці завяршыць з-за адсутнасці грошай. На будаўніцтва 28 м сцяны пайшло дзесьці каля 26 тыс. штук цэглы, 20 тыс. якой нарыхтавалі валанцёры. На нейкі час давялося прыпыніць абліцоўванне купала, бо таксама не хапае грошай на працяг гэтай працы. Аднак спадзяюся, што да канца года абліцуем.
44й.jpg

– У чытачоў могуць узнікнуць пытанні, чаму мы зрабілі на зямлі купал на паўночную (дазорную) вежу, калі яшчэ яна не гатова, і чаму абарончая сцяна паміж гэтай вежай і заходняй (брамнай) будзе амаль закрываць від на будынак флігеля. Каб хапала фінансавай дапамогі (звязана з кавіднымі абмежаваннямі), паўночная вежа ўжо была б гатова, а купал усталяваны. Што датычыцца сцяны, то згодна з зацверджаным Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь архітэктурным і будаўнічым праектамі, 4 вежы і абарончыя сцены паміж імі павінны быць адноўлены як дамінанты XVI стагоддзя. Згодна з архітэктурным праектам, у флігелі на першым яго паверсе, які прымыкае да гэтай сцяны, будуць тэхнічныя памяшканні. Адно мяне непакоіць, каб купал, які абліцоўваецца сплавам алюмінію ташчынёй 0.8 мм і да таго часу, як будзе ўсталяваны на вежу, не пашкодзілі недобрасумленныя асобы. Вось так агульнымі намаганнямі мы аднаўляем замак. Вельмі прыемна, што сучасная моладзь неабыякава ставіцца да свайго мінулага, культурнай спадчыны. А тое, што работы не спыняюцца, упэўнены, будзе нагодай для студэнтаў прыехаць і папрацаваць у наступным годзе, – дадае Іван Антонавіч. – Работы на Любчанскім замку вядуцца ўжо 19 гадоў дзякуючы валанцёрам з усіх куткоў нашай Радзімы, колькасць якіх па нашым уліку ўжо набліжаецца да 3 тыс., добрым адносінам да аднаўлення замка кіраўніцтва Навагрудскага райвыканкама (А.М. Маркевіча, С.А. Федчанкі, А.М. Грыца, С.М. Каралько, А.Г. Скоблі, Н.М. Жышко), сродкам Пріорбанка, які далучыўся да праекта ў 2009 г., кіраўнікам мясцовых прадпрыемстваў (І.М. Капціловічу, К.А. Кузьміч, І.М. Ярмацу, С.В. Фурсе, П.І. Пісаруку). А таксама ўдзячны адміністрацыі і вучням Любчанскай сярэдняй школы, якія згадзіліся стварыць атрад са старшакласнікаў для нагляду за станам зробленага валанцёрамі і будынкамі на замку, якія чакаюць свайго часу на рэстаўрацыю. У гэтым годзе трэба асабліва выдзеліць значны ўдзел у правядзенні работ вучняў школы Паўла Антановіча і Яўгена Ігнатовіча. Справа ў тым, што ў мінулым годзе быў пашкоджаны часовы дах над паўночнай вежай, не аднойчы былі пабіты шыбы ў вокнах. Аховы замка няма. Усе шыбы мы рамантавалі самі, а таксама і дзверы ў флігель, якія таксама зламалі.

На дадзены момант непасрэдна будаўнічымі работамі займаюцца былыя студэнты архітэктурнага факультэта БНТУ, якія прыехалі ў Любчу аднойчы і палюбілі гэтае месца на ўсё жыццё.

55й.jpg

Любча – гэта ўнікальнае месца, куды мы ўпершыню прыехалі ў 2009 годзе, – адзначаюць Павел Пашкоўскі, Дзмітрый Васянкоў і Яўгеній Прыйма. – Нам вельмі цікава было працаваць тут, калі яшчэ студэнтамі праходзілі практыку. Імкнёмся штогод прыехаць у Любчу, бо лічым, што толькі агульнымі намаганнямі магчыма захаваць гістарычныя помнікі. Праца на Любчанскім замку толькі малая частачка таго, што мы можам зрабіць для гэтага любімага многімі беларусамі месца. А яшчэ ў Любчы прыгожыя мясціны, дзе пасля працы мы адпачываем.
66й.jpg

Свой пасільны ўклад у аднаўленне жамчужыны роднага краю ўносяць і жыхары Любчы. Сярод іх брат дырэктара дабрачыннага фонду Генадзій Пячынскі, Мікалай Пронька, Аляксандр Каўцэвіч, Казімір Амельяновіч, Аляксандр Гірыс, Вера і Аляксей Каўцэвічы. Вера Вячаславаўна летам дастаўляла прадукты харчавання для студэнтаў, якія самі гатавалі ежу, а зараз жанчына гатуе абеды для валанцёраў і добра ахвотнікаў добрай справы па аднаўленні замка. 
Да спіса