Навiны рэгiёна
Галоўная / Навiны / Навiны рэгiёна

Тры куцці для продкаў. Як на Зэльвеншчыне адраджаюць традыцыю ўшанавання дзядоў у зімовыя святкі

29.12.2022
Навiны рэгiёна
Школьнікі правялі краязнаўчую экспедыцыю.

Неад’емным рытуалам святочнай культуры беларускага народа з’яўляецца ўшанаванне продкаў – дзядоў. Даніну памяці нашчадкі аддаюць у час розных святочных падзей. Рэгіянальнай адметнасцю на Зэльвеншчыне вылучаюцца зімовыя святкі, калі ўшанаванню дзядоў прысвячаліся тры куцці: перадкалядная посная, шчодрая пры сустрэчы Новага года і вадзяная, галодная перад Вадохрышчам.

Аб мясцовай традыцыі даведаліся вучні Князеўскай сярэдняй школы ў ходзе пошукавых экспедыцый ў час летніх канікул. Займаючыся зборам краязнаўчага матэрыялу аб адметнасцях Крамяніцкага і Зэльвенскага сельсаветаў, школьнікі сабралі ад старажылаў багаты матэрыял. У тым ліку пра падрыхтоўку да зімніх святаў і асобае шанаванне ў гэты час дзядоў.

– Сустрэчы з мясцовымі жыхарамі дазволілі вучням акунуцца ў святочную атмасферу, якой жылі нашы продкі. Сярод традыцый значнае месца адводзіцца ўшанаванню дзядоў. Менавіта ў гэты час прысвячаліся тры ўрачыста-шанавальныя куцці: перадкалядная посная, шчодрая пры сустрэчы Новага года і вадзяная, галодная перад Вадохрышчам, – распавядае намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Князеўскай СШ Вольга Наруш. – Як расказала нам жыхарка в.Конна Валянціна Іванаўна Дзерачэнік, на ўсе тры куцці каша варылася ў адным і тым жа гаршчку, яе забаранялася каштаваць нават старому і малому да ўрачыстай вячэры. І ніякія дзіцячыя “хачу” не ўшчувалі маці. Магічнае значэнне куцці беларусы тлумачылі тым, што зерне валодае якасцю доўга захоўваць і зноў аднаўляць жыццё, памнажаць яго і з’яўляецца сімвалам бясконцасці чалавечага жыцця.

Што да “зместу” стала і традыцый, то, як вызначылася, пры поснай вячэры на стол, засланы сенам і зверху белым абрусам, ставілі міску з ячнай, грэчневай ці пшанічнай куццёй, падсалоджанай мёдам. Па даўжыні выцягнутай з-пад абруса сцяблінкі меркавалі аб ураджаі збожжа, льну.

Шчодрая, ці інакш багатая, куцця святкавалася напярэдадні Новага года і адрознівалася багаццем страў.

На вадзяную куццю, 18 студзеня, на сценах будынкаў ставілі крыжы, акраплялі іх вадой, прасілі мароз, “каб не марозіў грэчку, ячмень, фасолю”.

Калі куццю вымалі з печы, дзеці залазілі пад стол і там кукарэкалі пеўнем, а маці насыпала ім гарбузныя семкі, каб куры добра нясліся і шмат куранятак выводзілася.

Накіроўваючыся на сустрэчу з нашымі землякамі, якія жывуць у аддаленых вёсках, мы нават і не ведалі, колькі цікавага ад іх даведаемся аб святкаванні народных святаў, асаблівасцях прыгатавання нацыянальных страў. Многае з таго, што нам удалося сабраць і запісаць, мы рэканструявалі на занятках аб’яднання па інтарэсах, – дзеляцца вынікамі краязнаўчай экспедыцыі вучаніцы 10 класа Князеўскай СШ Вераніка Каспярэц і Марта Карпей.

Удзел у пошукавых экспедыцыях дазволіў па-іншаму паглядзець на тую спадчыну, якую мы маем. А самае галоўнае ўпэўніцца ў тым, што пакуль застаюцца жывыя носьбіты гісторыі, нам неабходна захаваць іх успаміны, прадметы матэрыяльнай культуры для іншых людзей, якія пазбаўлены магчымасці паглыбіцца ў культуру сваіх продкаў праз жывыя зносіны. Вельмі прыемна, што некаторыя рэцэпты маёй бабулі ўвайшлі ў склад брашуры “Крамяніцкі вузельчык”, – дадае вучаніца 11 класа Мілана Кашчыц.

Дарэчы, некаторымі знойдзенымі рэцэптамі юныя даследчыкі падзяліліся з чытачамі “ГП”. Паколькі зараз ідзе перадкалядны пост, прапануем вам рэцэпты посных страў, якія былі ва ўжытку нашых продкаў.

Квас

Інгрэдыенты

1 цыбуля, вада, лыжка воцату, соль.

Прыгатаванне

Падкісленую і падсоленую ваду заправіць цыбуляй і зялёным кропам. Ужываць у ежу разам з адваранай бульбай. (Запісана ад Заморскай Л.М., жыхарка в. Конна)

Крупнік

Інгрэдыенты

Добрая жменя сушаных грыбоў, 500 г пярлоўкі, 1-2 цыбуліны, 2 морквы, 5-6 бульбін, ліст лаўровы, 5-6 гарошын чорнага перцу, кроп, соль, 3-4 гарошыны духмянага перцу.

Прыгатаванне

Сушаныя грыбы заліць кіпетнем і пакінуць гадзіны на 3. Пярлоўку заліць вадой і таксама пакінуць на 3 гадзіны. Абабраць лушпінне з цыбулі, морквы, бульбы. Цыбулю і моркву дробна натаркаваць, а бульбу парэзаць кубікамі. Перамытыя грыбы адцадзіць, парэзаць на дробненькія кавалачкі, ваду не выліваць.

На алеі абсмажыць цыбулю, моркву. У каструлю з кіпетнем дабавіць грыбы, паварыць хвілін 20, дабавіць прамытую пярловую крупу, паварыць хвілін 15, дабавіць прыправы, пасаліць, зменшыць агонь і заліць грыбным адварам да верху. Варыць да тых пор, пакуль крупа не разварыцца. Пасля таго выключыць агонь і даць супу настаяцца пад крышкай хвілін 10. (Запісана ад Кеўлюк А.Б., жыхарка аг.Князева)

Ламанцы з мёдам і макам

Інгрэдыенты

для цеста

2,5 стаканы мукі пшанічнай вышэйшага гатунку

0,5 ч.л. солі

150 мл вады

1 ст.л. алею

для заліўкі

70 г мака

2 ст.л. мёду

100 мл кіпятня

Прыгатаванне

Замясіць крутое цеста, каб не ліпла да рук. Раздзяліць цеста на 2 часткі, раскатаць на размер патэльні, таўшчынёй не больш за 2 мл. Смажыць на патэльні, без дабаўлення алею. Пасля таго, як блінцы прыгатаваны, разламаць на невялікія кавалачкі і заліць заліўкай.

Прыгатаванне заліўкі: кіпетнем абдаць мак і зліць ваду, мак адкінуць на сіта і заліць халоднай вадой. Зліць ваду, мак расцерці песцікам. Выкласці ў талерку мак і дабавіць да яго мёд, перамяшаць з макам, дабавіць кіпятня. (Запісана ад Дзерачэнік В.І., жыхаркі в.Конна).
Да спіса