Адкрыта дзевяць палат павышанай камфортнасці.
З першага жніўня бягучага года ва ўстанове аховы здароўя “Карэліцкая цэнтральная раённая бальніца” адкрыта дзевяць палат павышанай камфортнасці: тры палаты ў хірургічным, чатыры палаты ў тэрапеўтычным і дзве ў педыятрычным аддзяленнях, піша polymia.by.Галоўная медыцынская сястра УАЗ “Карэліцкая ЦРБ” Наталля Сакалова расказала пра палаты павышанай камфортнасці:
— Мы стараемся стварыць добрыя ўмовы для нашых пацыентаў, максімальна набліжаныя да хатніх. Акрамя высокага ўзроўню камфорту, яны маюць магчымасць атрымаць прафесійны кругласутачны догляд. Калі, трапіўшы ў бальніцу, пацыент выказвае жаданне знаходзіцца ў палаце павышанай камфортнасці, яму неабходна заключыць дагавор з бальніцай на аказанне платных, немедыцынскіх паслуг. Перад тым, як заключыць дагавор і правесці аплату, кожны мае магчымасць азнаёміцца з умовамі ў палатах. Інфармацыю аб наяўнасці свабодных месцаў можна атрымаць пры паступленні ў прыёмным аддзяленні.
Як правіла, палаты павышанай камфортнасці карыстаюцца попытам ва ўсіх аддзяленнях бальніцы. На сёння 50% ложка-месцаў занята, пацыенты атрымліваюць медыцынскую дапамогу ў выдатных умовах.
Наколькі запатрабаваныя палаты павышанай камфортнасці ў педыятрычным аддзяленні, расказала старшая медыцынская сястра педыятрычнага аддзялення Аліна Гота:
— Палата павышанай камфортнасці адкрылася ў аддзяленні ў жніўні бягучага года і заўсёды карыстаецца попытам. Умовы для атрымання медыцынскай дапамогі добрыя, абстаноўка хатняя, што станоўча адбіваецца на выздараўленні маленькіх пацыентаў. Такія палаты папулярныя ў маладых мам з груднымі дзеткамі.
Гутарым і з пацыентамі, якія скарысталіся палатамі павышанай канфортнасці. Пенсіянерка Алена Скварада падзялілася, што трапіла ў бальніцу ў педыятрычнае аддзяленне з унукам 27 верасня, ляжала ў звычайнай палаце, а калі з’явілася месца ў палаце павышанай камфортнасці, выказала жаданне заняць ложка-месца ў ёй.
— Вельмі добрыя ўмовы для атрымання медыцынскай дапамогі, ёсць магчымасць разагрэць ежу ў мікрахвалевай печы, вельмі зручна, што ў палаце ёсць халадзільнік і цэны дэмакратычныя, — лічыць Алена Уладзіміраўна.
Будаўнік СВК “Жухавічы” Алег Бязмен знаходзіцца на лячэнні ў хірургічным аддзяленні:
— Добра, што ў бальніцы ёсць такая магчымасць выбраць камфортныя ўмовы знаходжання. Усё на месцы: і халадзільнік, і электрачайнік, і тэлевізар, і мікрахвалевая печ — гэта вельмі зручна. Ёсць магчымасць атрымаць медыцынскую дапамогу і адцягнуць увагу ад хваробы праглядам любімых тэлеперадач.
Давялося наведацца і ў аддзяленне дзённага стацыянара, якое працуе ў раённай паліклініцы. Сёлета аддзяленне атрымала новае жыццё: у палаце, працэдурным кабінеце праведзены якасны касметычны рамонт, набыта новая мэбля і абсталяванне. Урач-неўролаг Ларыса Малінковіч адзначае:
— Сёння мы маем магчымасць аказваць медыцынскую дапамогу пацыентам у сучасным, прыгожым, чыстым, цёплым аддзяленні дзённага стацыянара. Яно разлічана на 12 чалавек, працуе з 8.00 да 11.00 і з 14.00 да 16.00. У рытме нашага жыцця людзям часам складана вызваліць шмат часу, нават на лячэнне. Дзённы стацыянар неабходны хворым, якія ў сілу сацыяльных прычын не могуць знаходзіцца ў кругласутачным стацыянары. Пацыент, які паступае на лячэнне, не адчувае псіхалагічных і фізічных нязручнасцей, бо пасля атрымання лячэбных працэдур (кропельніца, масаж, кіслародны кактэйль) вяртаецца ў сваё звыклае жыццё. Эфектыўнасць тэрапіі, якая праводзіцца пацыентам ва ўмовах дзённага стацыянара, не горшая, чым пры лячэнні ў кругласутачным стацыянары. Ва умовах, створаных у аддзяленні, прыемна і працаваць, і атрымліваць медыцынскую дапамогу.
За каментарыем звярнуліся да галоўнага ўрача УАЗ “Карэліцкая ЦРБ” Дануты Скварады:
— Бачыць усмешкі людзей, калі яны заходзяць ва ўстанову аховы здароўя, — гэта самая вялікая ўзнагарода за тое, што мы робім для жыхароў Карэліччыны разам. А зроблена нямала.
Так, у гэтым годзе на паляпшэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў аховы здароўя раёна было затрачана 372 тысячы рублёў. З іх 121 тысяча рублёў — сродкі з рэспубліканскага бюджэту, 188 тысяч рублёў — з раённага бюджэту, 62 тысячы рублёў – спонсарская дапамога.
Дзякуючы спонсарскай падтрымцы сельгасарганізацый “Біямакс-Карэлічы”, “Лукі-Агра”, “Маяк-Заполле”, “Свіцязянка-2003″, «Малюшычы», палаты павышанай камфортнасці абсталяваныя бытавой тэхнікай. Адкрываючы такія палаты ў аддзяленнях нашай бальніцы, хочам, каб людзі адчувалі камфорт. За сродкі раённага бюджэту праведзены рамонт, закуплена новая мэбля для аддзялення дзённага стацыянара УАЗ «Карэліцкая ЦРБ».
Дзякуючы мясцоваму фінансаванню ў рамках пілотнага праекта «Клапатлівая паліклініка», які прадугледжвае спрашчэнне лагістычнага працэсу як для пацыентаў, так і для медыцынскага персаналу, вядзецца рамонт рэгістратуры раённай паліклінікі.
Павялічылася колькасць кіслародных кропак: у хірургічным аддзяленні іх пяць, а значыць можам забяспечыць кіслародам 10 чалавек. Адна стацыянарная кропка ўстаноўлена ў аддзяленні рэанімацыі для правядзення калонаскапіі пад наркозам. У цяперашні час вядуцца работы па рамонце гаспадарчага корпуса цэнтральнай раённай бальніцы. Шэраг работ выкананы і ў раённых амбулаторыях. Выказваю словы падзякі ўсім, хто не застаўся ўбаку, за аказаную дапамогу, бо ўсё, што зроблена ва ўстановах аховы здароўя раёна, – гэта наша агульная заслуга.
Аплаціць знаходжанне ў палатах павышанай камфортнасці можна некалькімі спосабамі: правесці аплату анлайн па рэквізітах банка або сістэме ЕРИП (рэквізіты можна даведацца ў рэгістратуры); аплаціць у касе УАЗ «Карэліцкая ЦРБ» пасля заключэння дагавора. Аплата ажыццяўляецца банкаўскай картай на тэрмінале або наяўнымі сродкамі пасля атрымання медыцынскай дапамогі ў залежнасці ад колькасці дзён, якія праведзены ў стацыянары.
Кошт медыцынскай паслугі “знаходжанне ў палаце павышанай камфортнасці” залежыць ад аддзялення, у якім пацыент атрымлівае дапамогу. Так, апынуўшыся ў хірургічным аддзяленні, за адзін ложка-дзень трэба заплаціць прыкладна 6-7 рублёў; за тэрапеўтычнае аддзяленне – 5-6 рублёў, педыятрычнае аддзяленне – 4-5 рублёў.