Навiны рэгiёна
Галоўная / Навiны / Навiны рэгiёна

Хлеб, сыр, квас, Open-air і шоу фарбаў. 21 жніўня ў Навагрудку пройдзе юбілейнае гастранамічнае свята

18.08.2021
Навiны рэгiёна
 Урачыстае адкрыццё фэсту «Хлеб, сыр, квас і добры настрой» запланавана на 12.00.

21 жніўня ў Навагрудку адбудзецца юбілейны гастранамічны фэст. Прадэгуставаць і набыць па зніжках прадукцыю харчовай прамысловасці прапаноўваюць мясцовыя прадпрыемствы і арганізацыі.

Пакуль Зэльва ды Свіслач ладзяць кірмашы, Шчучын збірае гасцей на фестываль кветак, а Іўе "ўзводзіць у культ" памідоры, Навагрудак таксама не стаіць на месцы. 21 жніўня тут пройдзе пяты, юбілейны, гастранамічны фэст, дзе ў кожнага прысутнічага будзе магчымасць прадэгуставаць або набыць прадукцыю мясцовых прадпрыемстваў харчовай прамысловасці.

– Наш горад здаўна славіцца вытворчасцю малочных, хлебабулачных вырабаў і квасу. Таму аднойчы з’явілася ідэя арганізаваць гастранамічнае свята пад назвай «Хлеб, сыр, квас і добры настрой»,– расказвае дырэктар Навагрудскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Наталля Кавальская. – Трэба адзначыць, што сутнасць мерапрыемства не толькі ў тым, каб пачаставаць гасцей. Кожны год мы ўзнагароджваем прызамі і ганаровымі граматамі прадстаўнікоў такіх філіялаў, як «Навагрудскі хлебазавод» ААТ «Гроднахлебпрам», «Навагрудскія Дары» ААТ «Лідскі малочна-кансервавы камбінат», «Навагрудскі Вінзавод» ААТ «Дзятлаўскі лікёра-водачны завод «Алгонь» і ААТ «Вялікая Крыніца».

За пяць год існавання Навагрудскі гастранамічны фэст набыў пэўныя традыцыі, напрыклад дрэс-код. Жыхарам і гасцям горада прапануецца прыйсці на свята ў адзенні жоўтага колеру. Самы «жоўты» ўдзельнік мерапрыемства ў падарунак ад арганізатараў атрымае вялікі кавалак сыру. Але дадзеная схема працуе і ў адваротным напрамку: той, хто купіць самы вялікі кавалак сыру, таксама будзе ўзнагароджаны прызам. Акрамя традыцыйных момантаў, з’явяцца новаўвядзенні.

– Паміж прадпрыемствамі і арганізацыямі сёлета мы ўпершыню правядзем конкурс на прыгатаванне класічнага сырнага фандзю, – працягвае Наталля Кавальская. – Тым больш удзельнікі гэтага спаборніцтва павінны будуць не толькі выдатна прыгатаваць страву французскай кухні, але і выдатна прэзентаваць яе гледачам.

Канцэртная праграма свята абяцае быць не менш цікавай. У суботу на сцэне выступяць арт-гурт «Багач», вакальна-інструментальны дуэт «Вольга Любавіна і Дзмітрый Стрэж», эстрадны спявак Андрэй Шумак. Харэаграфіяй прысутных парадуе адзін з найлепшых прафесійных калектываў краіны шоу-балет «Феерыя» і не толькі.

Таксама на працягу свята ў горадзе будуць створаны пляцоўкі па продажы харчовых і нехарчовых тавараў, выставачна-экспазіцыйныя пляцоўкі, аформленыя прадпрыемствамі і арганізацыямі Навагрудчыны, зона фудкорту, выстава-продаж вырабаў ручной работы мясцовых рамеснікаў.

Для дзяцей на мерапрыемства запрасілі фестываль фарбаў #BelHoli, які будзе працаваць з 14.30 да 16.00. Тут жа з’явіццца пляцоўка з атракцыёнамі, конкурсамі, гульнямі і латарэямі.

Урачыстае адкрыццё фэсту «Хлеб, сыр, квас і добры настрой» запланавана на 12.00. Напрыканцы мерапрыемства, а 23.00, адбудзецца агністае шоу і Open-air.                                                  

Арганізатары не выдаюць усіх сакрэтаў праграмы, але абяцаюць, што будзе шмат прыемных сюрпрызаў.

Да спіса