Навiны рэгiёна
Галоўная / Навiны / Навiны рэгiёна

Зялёная эканоміка Навагрудчыны: як сонца зніжае выдаткі на цяпло і электрычнасць

27.05.2020
Навiны рэгiёна
Усе, хто жыве ў горадзе і раёне, а таксама госці старадаўняй сталіцы ВКЛ, могуць на свае вочы пабачыць новыя тэхнічныя пабудовы на тэрыторыі цэнтральнай раённай бальніцы: 40 цеплавых сонечных калектараў на аснове вакуумных трубак з 2 цеплавымі насосамі і 8 бакамі-акумулятарамі для падагрэву вады, а яшчэ малую сонечную электрастанцыю магутнасцю 45 кВт на аснове крамянёвых панэляў. Унікальнасць аб’екта ў тым, што ўпершыню ў краіне рэалізаваны камбінаваны пілотны праект з выкарыстаннем цеплавых панэляў, цеплавых насосаў і фотаэлектрычных панэляў. Гэтае карыснае і эканамічнае абсталяванне з’явілася дзякуючы працы экалагічнага праекта “Развіццё аднаўляльных крыніц энергіі ў Навагрудскім раёне – дарожная карта для экалагічна чыстай тэрыторыі”. Сёлета праект завяршае сваю работу. 

20190820_142513.jpgСумесны праект Еўрапейскага Саюза і Навагрудскага райвыканкама на агульную суму каля 600 тысяч еўра стартаваў у 2016 годзе. Ён прадугледжваў пабудову цеплавых калектараў, якія забяспечаць раддом, хірургічнае і рэанімацыйнае аддзяленні Навагрудскай ЦРБ круглы год гарачай вадой. Але дзякуючы эканоміі, якая ўтварылася пры рэалізацыі першай чаргі пілотнага праекта, па прапанове менеджэра праекта Уладзіміра Кузьміча і пры падтрымцы кіраўніцтва райвыканкама атрымалася рэалізаваць другую чаргу – пабудаваць малую сонечную электрастанцыю. Гэта дазволіць Нагрудскай ЦРБ штогод эканоміць 6071 еўра і накіроўваць зэканомленыя сродкі на паляпшэнне медыцынскага абслугоўвання, а таксама стварыць адно новае працоўнае месца. У выніку рэалізацыі пілотных праектаў на 107 тон у год скароціцца выкід СО2 у атмасферу. У межах дзейнасці праекта распрацавана 7 тэхніка-эканамічных абаснаванняў для патэнцыйных інвестараў па розных напрамках аднаўляльнай энергетыкі, 4 з іх ужо запатрабаваны, ідзе праца па іх рэалізацыі.

Істотны складнік у дзейнасці праекта належыць і адукацыйнай працы. У мэтах стварэння ўстойлівых ведаў і ўменняў у сферы энергазберажэння, устойлівага развіцця аднаўляльных крыніц энергіі, аховы навакольнага асяроддзя і экалогіі на базе Навагрудскага аграрнага каледжа як асобны пілотны праект створаны вучэбна-кансультацыйны цэнтр. Для яго закуплены абсталяванне, мэбля, трэнажоры, спецыяльнае праграмнае забеспячэнне. Сёння цэнтр паспяхова працуе з рознымі сацыяльнымі групамі насельніцтва. У межах дзейнасці праекта ў 2018 годзе на базе аграрнага каледжа для навучэнцаў адкрылася новая спецыяльнасць “Ахова навакольнага асяроддзя і рацыянальнае выкарыстанне прыродных рэсурсаў”, што дазволіць рыхтаваць спецыялістаў у галіне экалогіі і аднаўляльнай энергетыкі. Для вучэбна-практычных заняткаў на базе аграрнага каледжа рэалізаваны 3 малыя пілотныя праекты. У выніку адукацыйная ўстанова атрымала ветраўстаноўку магутнасцю 2,8 кВт і 3 крамянёвыя панэлі.

IMG_0642.jpg

Шырокая адукацыйная праца была арганізавана ў каледжах, школах і дзіцячых садках як у горадзе, так і ў сельскай мясцовасці. Праведзены шэраг выступленняў і сустрэч на тэмы экалогіі і развіцця аднаўляльных крыніц энергіі, выдадзены метадычныя дапаможнікі, падрыхтаваны і надрукаваны артыкулы ў СМІ. Для дзяцей і падлеткаў выдадзена экалагічная казка Міхася Зізюка “Энерджы і дзеці з 5 “а” на тэмы экалогіі, энергазберажэння і развіцця аднаўляльных крыніц энергіі. Прэзентацыя кнігі і сустрэчы са школьнікамі праведзены не толькі ў Навагрудку, але і ў суседніх раёнах, мерапрыемствы асвятляліся ў сродках масавай інфармацыі. 

Дзейнасць праекта была заўважана і на еўрапейскім узроўні. У мінулым годзе праект адзіны з усіх беларускіх праектаў выйшаў у фінал прэстыжнага еўрапейскага конкурса і трапіў у лік шасці фіналістаў на атрыманне ўзнагароды ЕС у вобласці ўстойлівай энергетыкі для краін “Усходняга партнёрства”.

20190528_154519.jpg

Вынікам дзейнасці праекта стала не толькі ўвядзенне ў эксплуатацыю новых аб’ектаў, падрыхтоўка тэхніка-эканамічных абаснаванняў і арганізацыя навучальнай дзейнасці. Дзякуючы рэалізацыі дадзенага праекта Навагрудак і раён атрымалі магутны штуршок для росту патэнцыялу і ініцыятывы мясцовых уладаў, насельніцтва і бізнэсу, Навагрудчына зрабіла важкі ўнёсак у экалогію і эканомію прыродных рэсурсаў, паказала сябе рэгіёнам са спрыяльным інвестыцыйным кліматам. Дзякуючы гэтаму сёння на Навагрудчыне рэалізуецца чарговы сумесны з ЕС экалагічны праект у сферы перапрацоўкі палімераў і паасобнага збору цвёрдых камунальных адходаў. Добры пачатак дае добрыя вынікі.
Да спіса