Удзел у дыктоўцы прынялі супрацоўнікі аблвыканкама, усяго каля 50 чалавек.
Па добрай традыцыі ў Міжнародны дзень роднай мовы жыхары рэгіёна
далучыліся да маштабнай беларускамоўнай акцыі і сталі ўдзельнікамі
абласнога дыктанта. Як і звычайна, удзел у дыктоўцы прынялі супрацоўнікі
аблвыканкама, усяго каля 50 чалавек.
Дыктант у аблвыканкаме прайшоў па ўсіх правілах сапраўднага экзамена і
нагадаў удзельнікам школьны час: сапраўдны настаўнік, фірмовыя бланкі,
ніякіх падказак і, канешне, лёгкае хваляванне. Тэкст, які прапанавалі
для напісання, быў прысвечаны Году гістарычнай памяці і 140-годдзю з дня
нараджэння выдатнага беларускага пісьменніка Янкі Купалы.
– Сёння мы напісалі дыктант пад назвай «Музей паэта». Ён расказвае
пра нашага знакамітага песняра, нацыянальнага паэта, класіка літаратуры і
чалавека, які стаяў ля вытокаў нацыянальнай літаратурнай мовы.
Чалавека, які ўсё жыццё аддаў служэнню народу і Радзіме, агромністую
колькасць сваіх твораў прысвяціў менавіта нашай мове і краіне,
беларускаму народу і выказаў у гэтых творах усю сваю любоў да нашай
нацыянальнасці, – рассказала
Ірына Мялешка, настаўнік беларускай мовы і літаратуры гімназіі №10 горада Гродна, пад дыктоўку якой і быў напісаны тэкст супрацоўнікамі аблвыканкама. –
Я б не сказала, што тэкст складаны, але ў ім ёсць уласныя назвы, якія,
канешне, неабходна пісаць з вялікай літары. Акрамя гэтага, ёсць
некаторыя асаблівасці ў сінтаксісе, што, можа быць, не ўсе памятаюць. Усіх тых, хто на некаторы час адклаў свае важныя справы і паўсядзёныя
клопаты, каб далучыцца да абласной дыктоўкі, аб'ядноўвае адна вельмі
важная якасць – усе яны любяць родную беларускую мову.
– Мне здаецца, гэта вельма важная і неабходная акцыя. Усіх нас
аб'ядноўвае наша родная Беларусь, дзе мы нарадзіліся, дзе мы выраслі
самі і выхоўваем сваіх дзяцей, і няма ніякіх сумненняў, што мы павінны
берагчы і шанаваць сваю родную мову, – падзялілася
начальнік аддзела па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб аблвыканкама Кацярына Федасенка. –
Зразумела,
што сёння не кожны з нас размаўляе ў паўсядзённым жыцці па-беларуску,
але галоўнае, што мы ведаем, беларуская мова – неад'емная частка нашай
Радзімы. Кацярына Федасенка адзначыла, што ўдзел у дыктоўцы – гэта заўсёды
доўгачаканая і прыемная акцыя, у якой і яна, і яе калегі ўдзел прымаюць з
вялікім задавальненнем. Дарэчы, пісаць дыктант не так складана, як
здавалася б – вынікі штогод радуюць.
Начальнік аддзела прафесійнай адукацыі аблвыканкама Андрэй Батура
падзяліўся, што ўдзел у гэтай маштабнай акцыі прыняў першы раз. На
пытанне, ці любіце родную мову, без сумненняў адказвае: «Так».
– Наша мова – гэта наша гісторыя, гісторыя нашых бабуль і дзядуль. І
тое, як мы адносімся да роднай мовы – эквівалент таго, як мы адносімся
да сваіх продкаў і гісторыі, – падзяліўся Андрэй Батура. –
Я люблю і шаную родную мову і стараюся перадаць гэтую традыцыю сваім дзецям. Напісанне беларускамоўнага дыктанта – гэта, як адзначылі ўдзельнікі
акцыі, арыгінальны эксперымент, які абавязкова павінен захавацца добрай
традыцыяй. Па-першае, таму, што кожны грамадзянін павінен ведаць сваю
родную мову, валодаць ёй і выкарыстоўваць у жыцці. Такой пазіцыі
прытрымліваецца старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай
абароне аблвыканкама Вольга Сядзельнік. Дарэчы, яна прымае ўдзел у
дыктоўцы не першы раз, а сёння прадэманстравала свой лепшы вынік – тэкст
напісала без ніводнай памылкі.
– Прымаючы ўдзел у такіх мерапрыемствах, мы захоўваем гістарычную
памяць, якая мусіць быць у нашага народа. А мы, беларусы, павінны
памятаць і ведаць свае традыцыі, культуру і мову. Вельмі сімвалічна, што
наш дыктант сёлета прысвечаны Году гістарычнай памяці, – адзначае Вольга Сядзельнік. –
Наша
мова вельмі прыгожая. Я, да прыкладу, нягледзячы на тое, што шмат год
жыву ў горадзе, адношу сябе да вясковых жыхароў. Таму што на вёсцы я
нарадзілася і вырасла, там я зрабіла свае першыя крокі і сказала свае
першыя словы. І, самае галоўнае – там я навучылася сваёй роднай мове,
якую люблю за яе прыгажосць, меладычнасць і непаўторнасць.