На мерапрыемства з’ехаліся амаль 150 рамеснікаў з усёй Беларусі. Правесці разам Масленіцу і свята рамеснікаў «Казюкі»,
здавалася, будзе няпроста, але атрымалася выдатна. Шматлікія майстры,
народныя спевы і масленічныя пачастункі – карэспандэнт “ГП” з галавой
акунуўся ў атмасферу святкавання.


У цэнтры Савецкай плошчы размясціліся рамеснікі – іх прыехала больш за
150 чалавек. Гэта і не дзіва, таму што свята рамеснікаў праходзіць у
Гродне на працягу 20 гадоў і палюбілася як жыхарам нашага горада, так і
майстрам, якія прыязджаюць сюды з задавальненнем. У шматлікіх палатках
былі вырабы на любы густ – з саломы, скуры, гліны, дрэва – вочы
разбягаліся.
Намеснік начальніка аддзела культуры Гродзенскага гарвыканкама Галіна
Ераміновіч адзначыла, што падобныя мерапрыемствы праводзіць вельмі
важна, таму што яны садзейнічаюць захаванню нашай спадчыны, народнага
мастацтва, нацыянальных традыцый.

-
Сёння мы праводзім разам два традыцыйныя мерапрыемствы – кірмаш
рамеснікаў і Масленіцу. Для таго, каб гэта атрымалася цікава, мы зрабілі
ўніверсальны дэкор. Акрамя гораду майстроў у цэнтры плошчы, паабапал
размясціліся масленічныя падворкі прадпрыемстваў і арганізацый горада.
Арганізавана і алея дызайнерскіх лялек, - адзначыла Галіна Ераміновіч.





Працавала і спартыўная пляцоўка. Тыя, хто прымаў актыўны ўдзел у
спаборніцтвах, у якасці прыза частаваліся салдацкай кашай. Дарэчы, на
свяце было многа пляцовак, дзе ўсе жадаючыя маглі пасмакаваць гэтую
смачную страву.
Рамесніца Наталля Кірэйчук не першы год прымае ўдзел у кірмашы майстроў.
- Я ўдзельнік народнага аматарскага аб'яднання майстроў народнай
творчасці і мастакоў «Гарадзенскі каларыт». Займаюся рамесніцтвам 8 год.
Гэта вельмі складаная справа, таму што кожны выраб патрабуе
індывідуальнага падыходу і вялікай колькасці часу. Бывае, на адну цацку
ці карціну патрачу дзень, а бывае і месяц. Калі прадстаўляю свае вырабы
ў горадзе майстроў, то госці і жыхары Гродна заўсёды цікавяцца, а
таксама актыўна набываюць іх, - расказала Наталля.


Усе пляцоўкі і лакацыі карысталіся поспехам. Аднак асабіста
прываблівала пляцоўка выратавальнікаў. Тут была прадстаўлена дымавая
шахта, дзе жадаючыя дапамагалі «ратаваць» рэчы і лялькі. Асаблівую
цікавасць праяўлялі дзеці.




Студэнт 4 курса ГрДУ імя Янкі Купалы Андрэй Дунько прыйшоў на свята разам з сябрамі.
- Я прыйшоў як госць і як удзельнік, бо ў ліку інтэрактыўных секцый
арганізавана пляцоўка трох гродзенскіх універсітэтаў, дзе праходзіць
забаўляльная праграма, а таксама раздача бліноў і гарбаты ўсім жадаючым.
Увогуле студэнцкая моладзь з выкладчыкамі актыўна падтрымалі гэтае
свята, - расказаў Андрэй.



Святочны настрой жыхарам і гасцям горада падчас свята дарылі сваімі
песнямі і танцамі цудоўныя народныя калектывы горада і вобласці.