Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным<br/>па белым
Белым<br/>па сінім
ГРОДЗЕНСКІ АБЛАСНЫ ВЫКАНАЎЧЫ КАМІТЭТ Афіцыйны партал
Галоўная / Навiны / Навiны рэгiёна
Навiны рэгiёна

"Мае вырабы раз’ехаліся па ўсім свеце". Навагрудчаніну Івану Шыману бондарства дасталася ў спадчыну

01.03.2022
Навiны рэгiёна
Іван Шыман – адзін з тых, хто адраджае традыцыйнае народнае бандарнае рамяство на Навагрудчыне. А шлях да бондарства ў Івана Уладзіміравіча пачаўся ў дзяцінстве. Яшчэ ў школьныя гады, назіраючы за працай свайго дзядулі Івана Лявонцьевіча і бацькі Уладзіміра Іванавіча, юнак заахвоціўся іх рамяством – тады ён навучыўся рабіць просты драўляны посуд (бочкі, дзежкі, цэбры...). З часам дзіцячае захапленне перарасло ў любімую справу жыцця, расказвае novgazeta.by.
Не толькі на раённых фестывалях і святах, але абласных і рэспубліканскіх мерапрыемствах ніхто не праходзіць міма майстар-класаў і выставак, якія ладзіць Навагрудскі раённы цэнтр рамёстваў. Якіх тут толькі цудаў ручной работы не ўбачыш! Свае вырабы часта выстаўляе і бондар Іван Шыман – актыўны ўдзельннік клуба народных майстроў народнай творчасці «Каляровая альтанка». А вось наша сустрэча з Іванам Уладзіміравічам адбылася ў яго дамашняй майстэрні, дзе ён праводзіць увесь свой вольны час. Тут ён стварае сапраўдныя шэдэўры з дрэва – бочкі для квасу і мёду, кадкі, шайкі для лазні, дзежкі, вёдры (адно такое вядро экспануецца ў Доме-музеі Адама Міцкевіча) і нават купелі.

7e3ef2e1d2b82592102080790d62a5fe.JPG

Традыцыі рамяства

Навагрудчына заўсёды славілася сваімі ўмельцамі, якія працавалі з дрэвам: цеслярамі, сталярамі, бондарамі. На жаль, цяпер засталося вельмі мала людзей, якія валодаюць сакрэтамі бондарства. А раней амаль у кожнай вёсцы былі свае майстры. У маёй роднай вёсцы Рошчыца бондары былі амаль у кожным доме, – пачынае размову Іван Уладзіміравіч. – А род Шыманаў заўсёды славіўся бондарствам. Мой дзядуля Іван Лявонцьевіч, ураджэнец вёскі Каменка Пятрэвіцкага сельсавета, зарабляў на жыццё тым, што майстраваў на патрэбу аднавяскоўцам самыя розныя бандарныя вырабы: бойкі, шайкі, кубельцы і інш. Бацька Уладзімір Іванавіч пасля жаніцьбы пераехаў у вёску Рошчыца. Ён, назіраючы за працай вясковых бондараў, асвоіў больш складанае майстэрства – выраб бочак. І бочкі былі немалыя, у іх квасілі капусту, агуркі, марынавалі грыбы. Бондарства – няпростае і працаёмкае рамяство, але ім у нашай вёсцы валодалі не толькі мужчыны. Памятаю, што ў Рошчыцы бондарствам займалася Наталля Літвінская. Таксама шмат майстроў-бондараў было ў Кашалеве, Каменцы.

acddc135b43b8e964e3679670d988bfa.JPG

Дзяцінства І.У. Шымана прайшло ў вялікай і дружнай сям’і, дзе расло пяцёра дзяцей. Іван Уладзіміравіч быў другім сынам. Разам з братамі і сястрой яны вучыліся ў Кашалеўскай школе. У вольны час дапамагалі бацькам па гаспадарцы. Да любімага рамяства – бондарства – бацька прывучаў Івана Уладзіміравіча з дзяцінства. Але сакрэтамі майстэрства ён авалодаў значна пазней. Адразу пасля школы Іван Шыман паступіў у Лідскі індустрыяльны тэхнікум, потым быў студэнтам Беларускага політэхнічнага інстытута. Пачынаў свой працоўны шлях у Навагрудку, працаваў на розных пасадах у арганізацыях горада, але большую частку жыцця прысвяціў працы інжынерамеханіка на заводзе металавырабаў. Зараз Іван Уладзіміравіч на заслужаным адпачынку, у майстра з’явіўся час для любімай справы, якую ён атрымаў у спадчыну.

У кожнага бондара – свае сакрэты

Я ўмею рабіць розныя вырабы з дрэва ў большай ступені дзякуючы бацьку. Колькі сябе памятаю, ён ніколі не сядзеў без справы. Драўляныя вырабы яны з матуляй вазілі на базар. Бочкі, кубельцы, маслабойкі былі вельмі запатрабаваны. А бацькавы вырабы адрозніваліся трываласцю і працягласцю ў выкарыстанні, з-за чаго іх хутка раскуплялі, – гаворыць І.Шыман. – Я таксама часта пасля працы ездзіў бацьку дапамагаць. З часам пачаў самастойна рабіць бандарныя вырабы, уступіў у клуб народных майстроў, – расказвае Іван Шыман. – Майстры Цэнтра рамёстваў запрашаюць мяне да ўдзелу ў фестывалях, святах. І хачу сказаць, што не толькі на Навагрудчыне, але і па ўсёй краіне засталося не так шмат бондараў. А мае работы раз’ехаліся па ўсім свеце. Карыстаюцца імі ў Расіі, на Кольскім паўвостраве, у Ізраілі, Амерыцы, і, безумоўна, карыстаюцца мае землякі-беларусы. У кожнага бондара – свае сакрэты, але я з радасцю дзялюся, калі людзі цікавяцца. Народныя традыцыі павінны жыць, перадавацца з пакалення ў пакаленне.

3edb4b459d88f0a468c4d0a02f617fc8.JPG

Шмат што можа зрабіць з дрэва сапраўдны бондар. Быў бы матэрыял пад рукой і неабходны інструмент.
 e3ff0d26902c41af10f98733c4a434f5.jpg

На выраб адной бочкі патрэбна не менш двух тыдняў, – тлумачыць бондар Іван Шыман. – Дзевяноста працэнтаў складае ручная работа. Шархебель, цыркуль, струг, меркі – прылады ўсё тыя ж, якімі карысталіся нашы дзяды. А таксама спецыяльная бондарская лаўка, зручная для працы, дрэва, ужо распілаванае на калодкі і высушанае загадзя. І вялікая сіла волі і цярпенне. А яшчэ сапраўдныя майстры павінны ведаць фізіка-механічныя ўласцівасці драўняных парод, каб надзейна вырабляць неабходныя прадметы. Бондарства працаёмкае, каб клёпкі – так называюцца выгнутыя дошкі – улегліся без адзінай шчыліны, патрэбны дакладныя разлікі. Таму трэба ведаць формулы, правесці разлікі. Памыліўся на нейкія міліметры – усё, сапсаваў. Не так проста і дно ўстаўляецца. Яно павінна шчыльна ўвайсці ў паз, які ўнутры пасудзіны. Потым бочка сцягваецца абручамі. Правяраецца, каб яна не працякала. Дарэчы, самыя трывалыя бочкі атрымліваюцца з дубу, у іх добра захоўваецца квас і грыбы, а ў бочках з ліпы – мёд. З алешыны раблю шайкі для лазні, дзежкі, з сасны – цэбры. Наогул, люблю працаваць з рознымі пародамі дрэва. У бондарскай справе ўсё залежыць ад вопыту і навыкаў майстра. Я ў кожную сваю работу ўкладваю часцінку душы і сэрца, часцінку сябе. Інакш нічога не атрымаецца, а выраб жа павінен жыць, дыхаць і радаваць вока.

57642906fa9bd200fd8685b9629d48fc.JPG

Зроблена з душой

Калі дзед і бацька займаліся больш простымі бандарнымі вырабамі, то Іван Уладзіміравіч пайшоў далей. Ён не толькі значна пашырыў асартымент вырабаў, але і вырабляе іх па больш тонкай тэхналогіі. Драўляныя бочачкі, вёдры, купелі з адпаліраванымі да глянцу бакамі зіхацяць металічнымі і драўлянымі абручамі і заклёпкамі, маюцца кранікі для зручнасці. Многія драўляныя вырабы Івана Шымана, без сумнення, можна назваць творамі мастацтва. У сваёй скарбонцы майстар мае дыпломы Міністэрства культуры, Гродзенскага аблвыканкама, а таксама саюза майстроў народнай творчасці. Шмат работ зрабіў на заказ для цэркваў і Жыровіцкага манастыра. А таксама бочкі Івана Уладзіміравіча бралі на інсцэніроўку Барадзінскай бітвы, якая ладзілася ў Маскве, там з яго драўляных вёдраў паілі коней.

a3face76e15b2499ff2e7920249b6aa8.JPG

Сёння Іван Шыман – адзіны бондар на Навагрудчыне. Але ён лічыць, што будучыня ў старажытнага рамяства ёсць. Іван Уладзіміравіч вельмі ганарыцца сваімі сынамі Дзмітрыем і Андрэем, якіх выгадавалі разам з жонкай Людмілай Арцёмаўнай. Застаецца верыць, што сыны з часам зацікавяцца сямейнай справай Шыманаў – і не знікне бондарства на Навагрудчыне. Бо наўрад ці пластыкавы посуд заменіць драўляныя ёмістасці, якія надаюць такі спецыфічны густ мёду, квасу, квашанай гародніне, соку і іншым напіткам. Нішто не заменіць і энергетыку прыроднага матэрыялу, якім з’яўляецца дрэва, і перш за ўсё «цар» беларускіх лясоў – дуб, з яго водарам і цяплом. У апошнія гады людзей усё часцей прыцягваюць рэчы ручной работы, якія зроблены як для сябе, з душой.
Да спіса